Шуневіч: МУС ніколі не быў ініцыятарам змякчэння пакарання за нарказлачынствы

Міністр пракаментаваў магчымасць змякчэння пакаранняў за злачынствы звязаныя з наркотыкамі.

schunevich.jpg

Фота diatlovonews.by

«Мы дапускаем магчымасць разгляду гэтага пытання заканадаўцамі, але ініцыятыўна мы гэтыя новаўвядзенні не прапаноўвалі і прапаноўваць не будзем. Паколькі наша цвёрдая перакананасць: мы дасягнулі можа не звышважных і сур’ёзных, але пэўных вынікаў і рабіць крок назад, на нашу думку, нельга. Але калі будзе прыняты такі закон, то мы будзем яго выконваць. Маё асабістае меркаванне – я не лічу, што ў нас законы жорсткія ў гэтай частцы», – кажа ён.

Паводле Шуневіча, кожны наркаман за час «карʼеры» прыводзіць да наркотыкаў ад 8 да 10 чалавек.

Таксама наркаманія спадарожнічае здзяйсненню іншых правапарушэнняў — крадзяжы, гвалт ды іншыя злачынствы, упэўнены кіраўнік МУС.

У лютым Старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукалазаявіў пра магчымыя змены ў падыходзе да асуджаных за наркотыкі. Ён заявіў, што ведамства падтрымлівае пашырэнне ўжывання ўмоўна-датэрміновага вызвалення і замены пакарання на больш мяккае для асобаў, асуджаных паводле артыкулу 328, якія «сапраўды ўсталі на шлях выпраўлення».

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі летась адхіліла петыцыю, якую падпісалі амаль 5000 грамадзян за дэкрыміналізацыю вырошчвання і ўжывання марыхуаны. Праваахоўнікі неаднаразова заяўлялі, што нават падзяляць наркотыкі на лёгкія і цяжкія не збіраюцца.

У Беларусі самае жорсткае пакаранне за незаконны абарот наркотыкаў пасля Кітаю, дзе ўжываюць найвышэйшую меру пакарання. За ўжыванне наркотыкаў даюць нават да двух гадоў, за збыт — да 25.

belsat.eu