Шыльду ў гонар Тадэвуша Касцюшкі адкрылі ў Фарным касцёле ў Гродна

Да 200-й гадавіны са дня смерці нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША ў галоўным касцёле Гродна ўсталявалі табліцу, якая ўшаноўвае памяць Тадэвуша Касцюшкі.

Здымак: Белсат

Здымак: Белсат


15 снежня пасля ўрачыстай літургіі ў кафедраным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Горадні, ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч, генеральны консул Рэспублікі Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк разам са старшынёй галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі гарадзенскага аблвыканкама Аляксандрам Версоцкім адкрылі шыльду з надпісам «Тадэвушу Касцюшцы. Удзячныя нашчадкі».
Ініцыятарам выступіла Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Горадні. Саму шыльду вырабілі з адмысловага шкла і ўсталявалі з левага боку ад галоўнага алтара, якраз насупраць ранейшай табліцы ў гонар Касцюшкі, якую сто гадоў таму павесілі яго родныя.
Шыльду ў гонар патрыёта, які змагаўся за незалежнасць Рэчы Паспалітай супраць Расійскай імперыі ў касцёле св. Францішка Ксаверыя ўсталявалі невыпадкова. Менавіта ў Горадні адбыўся «маўклівы» гарадзенскі сейм, у часе якога быў зацверджаны ІІ падзел Рэчы Паспалітай. 30 верасня 1794 года ў Горадню прыбыў Тадэвуш Касцюшка на чале паўстанцкіх войск, аднак пасля падаўлення паўстання, горад ізноў занялі войскі Расійскай імперыі.
Паводле Белсат