Таццяна Екельчык: «Я працягваю верыць у лепшае. Льды абавязкова растануць!»
Палітзняволеная студэнтка мехмата БДУ Таццяна Екельчык, асуджаная па «Справе студэнтаў», даслала на волю ліст напярэдадні Дня студэнта.
Таццяна Екельчык, цяпер ужо былая студэнтка-другакурсніца мехмата БДУ, даслала ліст, урыўкі з якога апублікавала на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» Марыя Бідула.
«Вольнага часу тут сапраўды катастрафічна не хапае. Твой ліст атрымала каля тыдня таму, але адказваю толькі цяпер. Бывае такое, што няма часу нават прачытаць лісты, не тое, што адказаць. Акрамя працы ў нас шмат розных рэжымных мерапрыемстваў або падрыхтовак да якога-небудзь конкурсу. Ці прыборак чаго-небудзь. З гэтай прычыны я ўсё яшчэ не дабралася да мясцовай бібліятэкі. І мае заняткі матэматыкай прыпыніліся, затое сумаваць тут проста не паспяваеш. Спадзяюся, у будучыні навучуся знаходзіць больш часу для ўсяго гэтага.
Святло цяпер іншае. Якое ж задавальненне я атрымала ў першую ноч тут, калі нам цалкам выключылі на ноч святло! :))».
Перадавала Таццяна і вітанні ды падзяку Віктару Бабарыку: «Я выказваю яму вялікую павагу і з гонарам распавядаю ўсім пра такога выпускніка майго факультэта! Я, гэтак жа, як і ён, не магу нагледзецца на неба, на зоркі, не магу надыхацца свежым паветрам і, галоўнае, не магу набегацца і наскакацца! Самым цяжкім у СІЗА за 10 месяцаў было пастаяннае сядзенне ў абмежаванай прасторы. Але цяпер засталася толькі адна дарога – дарога дадому».
«Я працягваю верыць у лепшае. Льды абавязкова растануць!
Абдымаю ўсёй душой, Таня. 08.11.21»
Напісаць ліст Таццяне можна на адрас:
246035, г. Гомель, Антошкіна, 3, ВК-4, атр. 18.
Екельчык Таццяне Андрэеўне