Транспартная кампанія каля рэстарацыі «Поедем Поедим»: грузаперавозкі ад «Л/ДНР» і Крыму да Еўразвязу
У новых публікацыях Зянона Пазняка «Пра гібрыдную аперацыю Масквы» і «Пра варту Курапатаў» пададзеная інфармацыя што да мажлівых планаў задзейнічання тэрыторыі рэстарацыйнага-забаўляльнага комплексу «Поедем Поедим» (колішні «Бульбашъ-холл») у межах гібрыднай расійскай агрэсіі супраць Беларусі.
Паводле гэтай інфармацыі, непасрэдна каля пазначанага комплексу месціцца транспартная кампанія, якая здзяйсняе сваю дзейнасць на часова акупаваных тэрыторыях Украіны. Беларуская служба міжнароднай выведвальнай супольнасці InformNapalm вырашыла спраўдзіць гэтыя дадзеныя.
У выніку выведкі адкрытых крыніцаў інфармацыі пацверджанае, што непасрэдна ля рэстарацыйна-забаўляльнага комплексу “Поедем Поедим” месціцца склад транспартна-лагістычнай кампаніі ТАА «Энергия», якая ёсць адным з найбуйнейшых расейскіх перавознікаў зборных грузаў. Прадпрыемства мае прыблізна 300 філіяў, аперуе на тэрыторыі так званага Мытнага Саюзу – перадусім у Расейскай Фэдэрацыі, Казахстане, Кыргызстане і Беларусі. Здзяйсняе карга-дастаўку грузаў з Кітаю. Паводле інфармацыі з сайту кампаніі, на тэрыторыі Беларусі яна мае 5 філіяў з двума складамі ў Мінску і па аднаму ў Горадні, Берасці, Магілеве і Гомлі.
У Мінску адзін з складоў ТАА “Энергия”, як было зазначанае, базуецца непасрэдна ля забаўляльнага комплексу “Поедем Поедим”, мае з ім 50 м агульнага плоту.
Беларуская філія – ТАА “Транспартная кампанія “Энергія” – зарэгістраваная ў АДР 06.06.2012 г. Мінскім гарвыканкамам, УНП: 191756794. Юрыдычная адрэса кампаніі – г. Мінск, пр. Пераможцаў. д.131, пам. 71. Характэрна, што ў беларускіх гандлёвых каталогах гэтая кампанія мае таксама назоў ТАА “Альфа Спедишин Компани”, меркавана гэта адная з ейных ранейшых назваў.
Мацярынская расейская кампанія ТАА «Энергия» паводле інфармацыі з Адзінага дзяржаўнага рэестру юрыдычных асобаў РФ (АДРЮА), створаная ў Навасібірским раёне ў чэрвені 2004 г. з статусным капіталам 10 тыс. расейскіх рублёў.
Кіраўніком кампаніі з'яўляецца Кучумаў Андрэй Анатолевіч, 1969 г.н. Высветленае, што ён таксама кіруе навасібірскімі кампаніямі ТАА ТК «Энергия» і ТАА «ТЭК НСК», з'яўляецца заснавальнікам некалькіх кампаніяў з назвай «Энергия» ў Омскай і Томскай абласцях і ў Краснаярскім краі.
Характэрна, што 10 юрыдычных асобаў, у якіх ён фігураваў як заснавальнік, на гэты момант ужо ліквідаваныя.
Вызначана, што паводле прысуду Савецкага раённага суду г. Навасібірску з 03.04.2013 г., Андрэй Кучумаў быў забавязаны выплаціць свайму колішняму бізнэс-партнёру запазычанасць паводле дамоваў займу. Агульная сума пазыкі разам з пеняй сягнула памеру 14 млн расейскіх рублёў, што паводле курсу ЦБ РФ на момант прысуду было эквівалентна амаль 450 тыс. далярам ЗША. Цалкам мажліва, менавіта праз гэта можна патлумачыць той факт, што мацярынская кампанія ТАА «Энергия» і амаль два дзясяткі ейных філіяў пераважна ў 2013-2014 гг. былі перапісаныя з 100 адсоткавай доляй уласнасці на бацьку Андрэя Кучумава – Анатоля Цярэнцевіча Кучумава.
Аднак гэты факт не стаўся перашкодай для навасібірскай мясцовай экспертнай рады бізнэс-супольнасці, якая ў 2017 годзе ўнесла Андрэя Кучумава ў лонг-ліст як кандыдата на намінацыю прэміі “Чалавек году” за актыўнае развіццё сеціва філіяў у Расіі і краінах так званага СНД.
Падчас здзяйснення расследавання вызначанае, што кампанія ТАА “Энергия” не толькі актыўна развівае свае сеціва, але й ужо ўключыла ў геаграфію сваёй дзейнасці нават часова акупаваныя тэрыторыі Украіны: здзяйсняе наўпроставую дастаўку грузаў на паўвыспу Крым, дзе мае філіі, і ў асобныя раёны Данецкай і Луганскай абласцей. Адметна, што кампанія на сваім сайце поруч з афіцыйнай дзяржаўнай сымболікай краінаў, у якіх яна здзяйсняе дзейнасць, наўмысна выкарыстоўвае і сімволіку расейскіх тэрарыстычных утварэнняў “Л/ДНР”.
ТАА “Энергия” мае скрайне негатыўныя водгукі на парталах рэкамэндацыяў, дзе спажыўцы тавараў і паслугаў выказваюць свае ўражанні пра іхных вырабнікоў. Вельмі шмат колішніх кліентаў кампаніі ў катэгарычнай форме і з абгрунтаваннем сваёй пазіцыі не раяць звяртацца да гэтай кампаніі. Апроч гэтага, на сайце беларускай транспартна-інфармацыйнай сістэмы TransAvto непасрэдна беларуская філія мае крытычна нізкі рэйтынг надзейнасці — 1,25 з 5 мажлівых балаў.
На тэрыторыі акупаванага Данбасу ТАА “Энергия” дзейнічае з дапамогаю свайго наўпроставага бізнэс-партнёра – лагістычнай кампаніі ТАА “Наша Почта”. На ейных складах яна здзяйсняе прыйманне й выдачу грузаў. Пададзеныя ніжэй фотасведчанні яскрава сведчаць пра гэтую задзейнічаную схему:
Таварна-транспартны дакумант ТАА “Наша Почта”
Кампанія “Наша Почта” зарэгістраваная расейскай акупацыйнай адміністрацыяй 20.04.2015 г. у г. Сімферопаль. Кампаніяй валодае бізнэсмэн з Макееўкі – Эдуард Канстантынавіч Кібок. Да пачатку расейскай вайсковай агрэсіі супроць Украіны ён займаўся будаўнічым бізнэсам, у 2007 годзе заснаваў у Макееўцы першы прыватны ЖЭК. Апроч гэтага выяўлена, што ён уваходзіў у склад Прывакзальнага палку Данецкага гарадскога рэестравага казацтва, меў званне маёру. Да ягоных актываў таксама належыць ТАА ТДК «Донбасс-Тур» і ТАА «Интернет-Магазин «Е-Моби», якія таксама зарэгістраваныя ва акупаваным Крыме.
На тэрыторыі акупаванай украінскай паўвыспы ТАА “Энергия” дзейнічае самастойна і мае на гэты момант ажно 10 (!) прадстаўніцтваў.
Сваю першую філію на тэрыторыі акупаванага Крыму ТАА “Энергия” афіцыйна зарэгістравала 06.12.2014 г. у г. Сімферопаль.
У сеціва грузаперавозак кампаніі ТАА “Энергия”, як ужо было зазначана, уваходзіць і Беларусь, якая цалкам уключана ў транспартную лагістыку не толькі з тэрыторыямі краінаў так званага СНД, але й часова акупаванымі тэрыторыямі Украіны. Ніжэй падаем яскравае гэтаму сведчанне – прэйскурант коштаў на дастаўку грузаў з Беларусі ў асноўны горад тэрарыстычнага ўтварэння “ДНР”:
След асабліва зазначыць, што ТАА «Энергия», як і кампанія «Наша Почта», здзяйсняе незаконную перавозку і пастаўку грузаў на часова акупаваную тэрыторыю Украіны праз непадкантрольныя ёй пункты пропуску, што ёсць азнакаю крымінальнага правапарушэння, прадугледжанага арт. 3321 КК Украіны. На фоне гэтага неверагодным ёсць тое, што ТАА “Энергия” разам з сваімі філіямі абсалютна бесперашкодна здзяйсняе дастаўку грузаў на тэрыторыю Еўразвязу – ў Польшчу, дзе мае пяць сваіх прадстаўніцтваў.
На гэты скандальны факт маюць звярнуць увагу знешнепалітычныя ведамствы Украіны і Польшчы ды задзейнічаць супроць кампаніі з тэрыторыі дзяржавы-агрэсара ўвесь арсэнал санкцыйных захадаў.
У гэтым расследаванні прааналізаваная дзейнасць аднае з шматлікіх транспартных кампаніяў з Расейскае Фэдэрацыі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі. З улікам таго факту, што дзялянкі непадкантрольнай расейска-украінскай мяжы знаходзяцца пад кантролем Памежнай службы ФСБ РФ, а таксама праз адсутнасць з боку беларускай дзяржавы якога-кольвек памежнага кантролю супольнай мяжы з Расеяй, любая расейская транспартная кампанія можа патрапляць пад наўпроставае падазрэнне, як патэнцыйны арганізатар каналу незаконнай пастаўкі ў Беларусь зброі і боепрыпасаў, а таксама таемнага перакідвання ўдзельнікаў незаконных збройных фармаванняў. Патрэбная належная ўвага да гэтай праблематыкі з боку беларускае грамадзянскае супольнасці, а таксама прабеларускай часткі наменклатуры й сілавых ведамстваў дзеля мінімізацыі верагоднасці задзейнічання Расейскай Фэдэрацыяй супроць Беларусі любога з запланаваных сцэнароў па дэстабілізацыі сытуацыі.
informnapalm.org