У абарону Севярынца выступілі Згуртаванне беларусаў свету і Саюз беларускіх пісьменнікаў
Грамадскія арганізацыі заклікалі спыніць пераслед Паўла Севярынца і пакараць турэмшчыкаў, вінаватых у злоўжыванні паўнамоцтвамі, паведамляе «Свабода».
За ўдзел у пікетах па зборы подпісаў Паўла Севярынца сумарна асудзілі ўжо на 90 сутак. У мінскай турме на Акрэсціна яго трымалі ў карцэры без пітной вады і рэчаў, на знак пратэсту Севярынец парэзаў сабе руку.
Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і Саюз беларускіх пісьменнікаў расцэньваюць гэтыя дзеянні як грубае парушэнне прынцыпаў нацыянальнага заканадаўства і міжнароднага права, замацаваных у такіх дакументах, як:
• Канстытуцыя Беларусі;
• Усеагульная даклярацыя правоў чалавека;
• Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах;
• Канвенцыя ААН супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных альбо прыніжальных для годнасці відаў абыходжання і пакарання.
Грамадскія арганізацыі патрабуюць спыніць пераслед Севярынца, вызваліць яго з-пад варты і зняць несправядлівыя абвінавачанні.
Таксама яны заклікаюць улады неадкладна ініцыяваць службовае расследаванне ў дачыненні да супрацоўнікаў ізалятара, якія дапусцілі злоўжыванні сваімі паўнамоцтвамі, і як найстражэй пакараць вінаватых.