У альма-матар Лукашэнкі – вялікі недабор. Туды хочуць загнаць двоечнікаў
Вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках няма ахвотных. Таму абласное кіраўніцтва Прафсаюзу работнікаў аграрна-прамысловага комплексу разаслала старшыням райкамаў лісты з патрабаваннем адправіць у Горкі выпускнікоў школаў і ліцэяў. Пра гэта паведамляе Белсат.
Фота загаду займеў блогер NEXTA. Ад абітурыентаў патрабуюць сертыфікаты цэнтралізаванага тэставання з прахадным балам у профільных прадметах – хіміі і біялогіі – 7 са 100.
У прыёмнай камісіі belsat.eu распавялі, што цяпер ідзе дадатковы набор на бюджэт і платнае навучанне.
«Прахадныя 7 балаў не мы прыдумалі, гэта распараджэнне Міністэрства адукацыі. Ну, мала, але мы ж сельскагаспадарчая ўстанова. Таму вось так», – адказалі ў прыёмнай.
Нізкі прахадны бал выстаўлены не толькі па біялогіі, але і па фізіцы, і па матэматыцы.
Як паказаў нядаўні эксперымент Сяргея Альшэўскага, кіраўніка праекту «Народны падручнік», дзякуючы новай сістэме падліку вынікаў ЦТ можна лёгка здаць прадмет, не ведаючы яго.