У Беларусі з'явіўся новы для нашай краіны від драпежных птушак. У яго ёсць унікальная асаблівасць
Група мінскіх птушкароў адзначыла на рыбгасе «Волма» ў Чэрвенскім раёне новы для Беларусі від птушак — арлана-даўгахвоста (Haliaeetus leucoryphus), паведамляе АПБ. Фота птушкі было выкладзена на старонку «Клуб200 АПБ» у Facebook. Сябры клуба — людзі, якія назіралі не менш за 200 відаў птушак на тэрыторыі Беларусі.

Арлан-даўгахвост на Волме. Фота Аляксандра Вінчэўскага
Знайшлі рэдкую птушку 22 жніўня Андрэй Барадзін, Аляксандра Кудзінава, Сяргей Анохін, Дар’я Уруціна, Кацярына і Аляксандр Вараб’ёвы. Вызначыў від Андрэй Барадзін, каардынатар «Клуб200 АПБ».
«Даведаўшыся, што на рыбгасе “Волма” спусцілі ваду на 6-й сажалцы, мы вырашылі з’ездзіць туды, — расказаў Андрэй сайту «Птушкі штодня». — Мае спадарожнікі хацелі там убачыць крычку-чэграву, мяне ж больш цікавілі кулікі. Іх было няшмат, прыемна ўразіла толькі чародка з 11 вялікіх кулёнаў. На дне сажалкі сядзелі і арланы-белахвосты, а сярод іх — гэтая дзіўнаватая птушка. Я яшчэ там пажартаваў наконт арлана-даўгахвоста, таму што завочна быў знаёмы з гэтым відам (спадзяваўся ўбачыць яго падчас падарожжа ў Казахстане, але тады не атрымалася). Калі ж арлан узляцеў, Аляксандра змагла зрабіць некалькі здымкаў птушкі ў палёце. Я праглядзеў іх ужо ў хаце і спачатку думаў, што гэта арол-магільнік і толькі потым успомніў пра арлана-даўгахвоста. Знайшоў у інтэрнеце здымкі маладых птушак, якія выглядалі вельмі падобнымі да нашай. Звярнуўся да Андрэя Каваленкі, арнітолага з Казахстана, і ён пацвердзіў вызначэнне».

Фота Аляксандры Кудзінавай, па якім вызначылі птушку
Арлан-даўгахвост мае невялікі гнездавы арэал: напэўна, від гняздуе зараз толькі на паўночна-ўсходнім ускрайку Індыі і ў Бангладэш.
«Від, які жыве на поўдзень ад Гімалаяў, сустрэчы якога адзінкавыя нават у Азіі за межамі гнездавога арэала, знойдзены ў Беларусі! У яго ёсць унікальная асаблівасць, якая доўгі час уводзіла ў зман навукоўцаў. Гэта адзіная птушка паўночнага паўшар’я (прынамсі, драпежная), якая размнажаецца на поўдні свайго арэала зімой і мігруе на поўнач на летні перыяд. Гэты малады арлан-даўгахвост павінен быў здзейсніць вандроўку даўжынёй прынамсі 5 тыс. км, каб стаць сенсацыяй у Беларусі», — пракаментаваў знаходку Валер Дамброўскі, вядучы навуковы супрацоўнік НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах.
Арлан-даўгахвост знаходзіцца на мяжы знікнення. Колькасць птушак асабліва знізілася ў другой палове 20 ст. Прычыны дакладна невядомыя.
Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ:
«Вядомыя адзінкавыя сустрэчы арланаў-даўгахвостаў у Расіі, Украіне і Польшчы. Маладыя птушкі гэтага віду вельмі падобныя да маладых арланаў-белахвостаў, і часам арнітолагі няправільна вызначалі нават здабытых птушак. Гэтая птушка добра сфататаграфаваная. Невядома, колькі арлан будзе сядзець пад Мінскам, але зараз птушкары ўсіх суседніх краін спадзяюцца на яе візіт!»

Арлан-даўгахвост (злева) і звычайны рэзідэнт Беларусі арлан-белахвост (справа). Фота Аляксандра Вінчэўскага
Пасля зацвярджэння Беларускай арнітафаўністычнай камісіяй арлан-даўгахвост стане 338-м відам у спісе птушак Беларусі.