У Брэсце абвясцілі прысуды шостай партыі па «справе карагодаў». На волю выйшла чацвёра фігурантаў

У судзе Ленінскага раёна Брэста 30 жніўня суддзя Дзмітрый Куроўскі абвясціў прысуды шостай партыі абвінавачаных па "справе карагодаў". З 14 абвінавачаных чатыры ўтрымліваліся да суду пад вартай — іх вызвалілі ў зале суда.

240795124_2053220944828305_1397962783321702528_n.jpg

Былога тэлевядучага Беларусь-4 Канстанціна Свідуновіча, Іллю Ягорава, пружанца Сяргея Канановіча і Аляксандра Жука пакаралі палутара гадамі "хіміі", у СІЗА палітвязняў утрымлівалі з 24 сакавіка. Таксама на гэтым працэсе разглядалі справу супраць трох чалавек за пашкоджанне дзвюх камер Белтэлекама і нанясенне "цынічных надпісаў" па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства). Дзяржабвінавачанне падтрымлівалі пракуроры Аляксандр Бацюшка і Міхаіл Юшчук. Па "справе карагодаў" асуджаныя ўжо 83 чалавекі, некаторых адправілі ў калоніі.
Як паведамляюць брэсцкія праваабаронцы, суддзя Куроўскі прызначыў пакаранне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса 14 фігурантам "справы карагодаў", не звязаных з пазбаўленнем волі:
Кацярына Бровач і Юрый Сацюк — паўтара года "хатняй хіміі"; Глеб Нікановіч, Ігар Сямыкін, Ілля Ягораў, Арцём Тарасюк, Аляксандр Жук, Сяргей Канановіч і экс-вядучы БТ-4 Канстанцін Свідуновіч — паўтара года "хіміі";пенсіянер Віктар Атрошка і Таццяна Рагачоўская — два гады "хатняй хіміі"; Арцём Ласкі — два гады "хіміі".
Таксама за пашкоджанні дзвюх камер Белтэлекама і нанясенне "цынічных надпісаў" па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства) пакаралі:
Ігар Вінакураў, палітвязень Ілля Ягораў — два з паловай гады "хіміі" (фігурант пятай партыі "справы карагодаў", асуджаны на 1,5 года "хіміі"); Данііл Дзіткоўскі — два гады "хіміі" (яго пакаралі толькі па ч. 2 арт. 339 КК "злоснае хуліганства").
Паводле версіі абвінавачання, кожны з абвінавачаных 13 верасня ў групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку была нанесеная шкода 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання. Такая фармуліроўка гучыць ва ўсіх абвінавачваннях фігурантаў гэтай справы.
13 верасня мінулага года на праспекце Машэрава яны выйшлі на праезную частку, а на скрыжаванні з бульварам Касманаўтаў спыніліся, скандуючы: "Гэта наша плошча!". Дэманстранты пачалі танцаваць і вадзіць карагоды на скрыжаванні, спяваючы "Муры" і "Тры чарапахі". Людзей разагнаў вадамёт. Людзі спачатку разбегліся, але бруя вады не дасягала натоўпу пратэстоўцаў, і пазней яны вярнуліся.
Адначасова разглядалася справа па ч. 2 арт. 339 КК "хуліганства" ў дачыненні да Ігара Вінакурава (ужо асуджаны за ўдзел у карагодзе ў 5-й партыі), палівязня Іллі Ягорава і Данііла Дзіткоўскага. Іх абвінавацілі ў пашкоджанні камер Белтэлекама, пры гэтым шкода ў памеры 171 рублёў 60 капеек да суда была ўжо кампенсаваная дзяўчынай Ягорава.
Паводле spring96.org