У Брэсце пачалі судзіць 11-ю групу па «карагоднай справе». Па ёй ужо асудзілі больш за сто чалавек

Чарговую частку «карагоднай справы» пачалі разглядаць у Маскоўскім судзе Брэста 1 снежня. На лаве падсудных 12 чалавек.

756000169537572.jpg


Спіс абвінавачаных:

  • Аляксандр Бадавец,
  • Марына Ушыўкава,
  • Барыс Галанін,
  • Уладзімер Гарбавец,
  • Ігар Грабінскі,
  • Кірыл Дарашчук,
  • Анастасія Жукавец,
  • Дзмітрый Капылоў,
  • Міхаіл Любчук,
  • Вольга Федарэнка,
  • Павал Хамічук,
  • Кацярына Шпак.

Як паведамляюць брэсцкія праваабаронцы, абвінавачаны Міхаіл Любчук не з’явіўся ў суд — яго абвясцілі ў вышук. Але ў гэтай групе вырашылі судзіць 23-гадовага палітвязня Віктара Кухарчука, які ўтрымліваецца ў СІЗА Брэста з 8 кастрычніка, піша Радыё Свабода.

Іх, як і іншых фігурантаў, вінавацяць у «грубым парушэнні грамадскага парадку» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

Справу разглядае суддзя Тацяна Лаўранюк.

«Карагодная справа» у Брэсце — адзін з самых буйных палітычных працэсаў за апошнія паўтара года ў Беларусі. Раней выракі ў гэтай справе атрымалі ўжо 102 асобы. Падзеі, за якія завялі справу, адбыліся 13 верасня 2020 года. Людзі на скрыжаванні вуліц вадзілі вялікі карагод пад музыку, спявалі і танчылі. Удзельнікі гавораць пра характар тых падзей як «атмасферу свята».

Па «справе карагодаў» агулам прысудзілі:

  • 82,5 года «хіміі»;
  • 71 год «хатняй хіміі»;
  • 12 гадоў і 2 месяцы калоніі.