У Брэсце затрымалі палітвязня Дзмітрыя Шчурко, які адбывае «хатнюю хімію»
Дзмітрыя Шчурко затрымалі ўчора, 10 верасня. Цяпер ён знаходзіцца ў ІЧУ. Пра гэта паведамляе праваабарончы тэлеграм-канал «Вясна | Брэст».

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева
У Брэсце затрымалі палітвязня Дзмітрыя Шчурко, які адбывае «хатнюю хімію».
Да затрымання раніцай у Шчурко прайшоў ператрус. У пастанове быў указаны арт. 290 КК («Пагроза здзяйсненнем акту тэрарызму»). У рамках справы раней было апытана каля 15 сяброў Шчурко.
У 17:00 Дзмітрый пайшоў па выкліку ў Маскоўскі РАУС Брэста, у 17:10 яго затрымалі. Цяпер ён у ІЧУ.
Нагадаем, у снежні 2020 года мужчына быў асуджаны на 2 гады «хатняй хіміі» — яго абвінавацілі ў тым, што ён падчас пратэстаў нібыта скраў у амапаўца рацыю. Дзмітрыя Шчурко прызналі палітвязнем.