У цэнтры Мінска віншавалі студэнтаў з Днём нацыянальнага сцяга і герба

19 верасня актывісты грамадскага аб’ядання «Альтэрнатыва» (зарэгістравана ў Латвіі) пры падтрымцы ініцыятывы «Рок-салідарнасць» зладзілі віншаванне студэнтаў БНТУ з Днём бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня».

08alteonatyva.jpg


Імпрэза праходзіла каля галоўнага корпуса БНТУ па праспекце Незалежнасці ў Мінску. За 45 хвілін актывісты раздалі каля 300 віншавальных паштовак і кампакт-дыскаў музычнай складанкі “Сімвалы веры і свабоды”, дзе прадстаўлена больш за 20 хітоў айчынных музыкаў — Лявона Вольскага, Зміцера Вайцюшкевіча, Віктара Шалкевіча, “Песняроў”, “Новага Неба”, “IQ-48”, “ЧпБ” і іншых калектываў.  
“Студэнты з радасцю бралі нашыя матэрыялы, некаторыя асобы нават дзякавалі за папулярызацыю нацыянальнай сімволікі і малавядомай для большасці насельніцтва даты 19 верасня”, — каментуе акцыю адна з удзельніц, Вольга.  
Акцыя была прымеркавана да 25-х угодкаў прыняцця дзяржаўнай сімволікі і новай назвы краіны — Рэспубліка Беларусь, калі Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў бел-чырвона-белы сцяг і старажытны герб “Пагоня” афіцыйнай сімволікай новай дзяржавы.  


Паводле прэс-службы ГА "Альтэрнатыва"