У двух калоніях палітвязням забаранілі наведваць бібліятэкі
Палітвязням наваполацкай і шклоўскай калоній забаранілі наведванне бібліятэк, таксама палітвязням абмяжоўваюць наведванне спортгарадка і царквы. Рашэнне пра гэта было прынятае ў траўні.

Бібліятэка ў магілёўскай калоніі. Фота: minjust.gov.by
Са шклоўскай калоніі (дзе памёр Вітольд Ашурак) паведамілі, што гэтая забарона была ўведзена яшчэ ў траўні. Вязні звязваюць яе з жаданнем адміністрацыі мінімізаваць магчымасць сустрэч палітычных з розных атрадаў.
«У траўні адміністрацыя ПК-17 увяла забарону наведвання бібліятэкі ўсімі асуджанымі з 10-м прафулікам («экстрэмізм»). Каб палітвязні не маглі перасякацца і групавацца ў калоніі», — расказаў суразмоўца «Нашай Нівы».
Тое ж самае адбылося і ў калоніі Наваполацка, дзе раней знаходзіўся Віктар Бабарыка і дзе, імаверна, з ім здарыўся інсульт. Паводле інфармацыі былога палітвязня Валянціна Лабачова, якую ён атрымаў ад сваякоў зняволеных, забарона на наведванне бібліятэкі была там уведзеная таксама ў траўні.
«Новы начальнік наваполацкай калоніі забараніў палітзняволеным удзельнічаць у спаборніцтвах і нават хадзіць у бібліятэку. Гэта распараджэнне было аддадзена дзесьці ў канцы траўня», — расказаў Валянцін Лабачоў.
Акрамя таго, у калоніях Шклова і Наваполацка палітвязням абмяжоўваюць наведванне спортгарадка і царквы.
Характар катаванняў у ІЧУ і калоніях сведчыць пра тое, што існуе цэнтралізаваны загад на іх правядзенне, але наяўнасць выразных адрозненняў між рознымі калоніямі і СІЗА паказвае, што сітуацыя залежыць і ад асабістай пазіцыі начальнікаў устаноў.
У некаторых ІЧУ палітвязняў утрымліваюць ва ўмовах, роўных катаванню. У калоніях палітвязняў беспадстаўна змяшчаюць у ШІЗА, збіваюць, пазбаўляюць перадач, знішчаюць выходную і ўваходную карэспандэнцыю, прызнаюць схільнымі да экстрэмізму.
Маюць месца здзекі па нацыянальнай прыкмеце: беларускамоўных вязняў прымушаюць размаўляць і перапісвацца па-руску.
Сувязі з некаторымі вязнямі няма месяцамі. Так, пра Міколу Статкевіча нічога не вядома ўжо 135 дзён.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу. З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.
За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінуты базавыя нормы законнасці і маралі.