«У эксгумацыі адмовілі». Бацька загінулага інспектара ДАІ з Магілёва напісаў Лукашэнку

Следства адмовіла бацькам загінулага ў Магілёве маладога інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча ў эксгумацыі цела сына. Хадайніцтва прызнаць бацькоў пацярпелымі па справе таксама адхілена. Як распавёў TUT.BY бацька інспектара Уладзімір Патаповіч, ён не задаволены гэтай адмовай і накіраваў звароты ў Генеральную пракуратуру і Адміністрацыю прэзідэнта.

001_20190518_zam_mogilev_fo2a7297.jpg

Бацька інспектара Уладзімір Патаповіч накіраваў хадайніцтва аб эксгумацыі, бо ў яго ёсць падазрэнні, што кулявое раненне было не адзіным на целе сына. Насцярожвае яго і былую жонку таксама тое, што нікога са сваякоў не пусцілі ў морг.
— Я пагаварыў з сваякамі. Яны таксама на пахаванні бачылі як мінімум парэз на падбародку Жэні. І ў мяне па-ранейшаму ёсць падазрэнні аб пашкоджанні ў ніжняй частцы жывата, — распавёў Уладзімір Сяргеевіч. — Нас не прызнаюць пацярпелымі — толькі сведкамі па справе: відаць, з-за версіі суіцыду. І я не ведаю, ці пакажуць мне вынік экспертызы. Мне тэлефанаваў следчы, сказаў, што яна скончана і ў выніках паказана, што на целе ёсьць толькі кулявое раненне.
Увечары 16 траўня, нагадаем, з'явілася паведамленне аб тым, што ў Магілёве выкрадзены супрацоўнік міліцыі. Увесь асабісты склад міліцыі Магілёўскай вобласці паднялі па трывозе, на дарогах усёй краіны выставілі блокпасты. Шукалі чорную «Волгу» з расійскім рэгістрацыйным нумарам. Паводле першапачатковай версіі, супрацоўніка ДАІ ў чорную «Волгу» заштурхалі трое невядомых асобаў цыганскай або каўказскай знешнасці ў мікрараёне Чапаеўка і вывезлі ў невядомым накірунку. Праз некалькі гадзін стала вядома, што цела зніклага лейтэнанта Яўгена Патаповіча знайшлі ў лесе. Афіцыйна паведамлялася аб агнястрэльнай ране галавы.
20 мая СК паведаміў, што асноўная версія гібелі супрацоўніка ДАІ ў Магілёве — суіцыд. Пазней аб гэтай версіі як адзінай прыярытэтнай заявіў і ўжо былы кіраўнік МУС Ігар Шуневіч.
Кіраўнік СК Іван Наскевіч пазней удакладніў, што спачатку справа сапраўды расследавалася як «наўмыснае забойства», але цяпер на падставе вынікаў экспертыз следства па-ранейшаму разглядае прыярытэтнай версію пра тое, што Яўген Патаповіч скончыў жыццё самагубствам. У СК плануюць на працягу двух месяцаў расследаваць крымінальную справу. Калі версія самагубства пацвердзіцца, справа будзе закрытая.
Бацькі Патаповіча распавядалі TUT.BY, што ў версію суіцыду яны не вераць, бо не бачылі, каб у сына былі на гэта нейкія прычыны. «Ён планаваў жыццё і вяселле», — распавядалі яны.