У Францыі памёр мастак Барыс Забораў

Барыс Забораў памёр у Францыі. Пра гэта ў сацсетках паведамляюць сябры мастака, піша «Свабода».

Барыс Забораў у майстэрні

Барыс Забораў у майстэрні

Пра гэта паведамілі ў Фэйсбуку паэт Дзмітры Строцаў, рэжысёр Андрэй Курэйчык, журналіст Сяргей Ваганаў. Мастаку было 85 гадоў, прычына смерці пакуль невядомая.

Імя Барыса Заборава ў свеце, кажучы пра мастакоў з Беларусі, мабыць, прамаўляюць праз коску пасля Шагала, пісала «Камсамолка» 12 гадоў таму.

Нарадзіўся Барыс Забораў у Мінску ў 1935-м у сям'і мастака, вучыўся ў Ленінградзе і Маскве. Затым вярнуўся ў Мінск.

Кар’еру мастака Барыс Забораў пачынаў у Мінску, у якасці кніжнага графіка і мастака тэатра. Шмат пакаленняў дзяцей пазнаёміліся з аўтарамі ад Шэкспіра, Уайльда і Пушкіна да Дастаеўскага, Купалы і Коласа дзякуючы ягонай графіцы. Кнігі, якія ён ілюстраваў, атрымлівалі высокія ўзнагароды, у тым ліку за мяжой.

Дома і ў майстэрні ён прымаў Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Валянціна Тараса, Навума Кісліка, Алеся Адамовіча, Булата Акуджаву, Аляксандра Галіча.

«Сярод маіх блізкіх сяброў былі дысідэнты. Але актыўнага ўдзелу ў дысідэнцкім руху я ніколі не прымаў», — распавядаў Забораў. Гэта не перашкодзіла ўладам правесці ператрус у яго майстэрні ў навагоднюю ноч 1978 году.

 

Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Найдзен Вылчаў і Барыс Забораў

Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Найдзен Вылчаў і Барыс Забораў

Пасля некалькіх спробаў яму ўдалося пакінуць Савецкі Саюз. Перад тым выехалі яго сямейнікі. Каб вырашыць справу са зняволеным на Валадарцы братам Заборава, давялося звяртацца да народных паэтаў Беларусі Аркадзя Куляшова і Петруся Броўкі, а ўжо Броўку — да першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава.

У Францыю ён з’ехаў у 1980 годзе. «Калі я прыехаў у Парыж, на другі дзень у мяне быў нейкі французскі журналіст. Я па-французску — ні слова, быў перакладчык, і першае пытанне, які задае мне журналіст: “Вы з’ехалі, вядома, з палітычных меркаванняў?” І паспрабаваў павярнуць размову выключна ў гэта рэчышча. І я адразу яму сказаў тады — а значыць, гэта было ў маёй свядомасці — не, я не з’ехаў з палітычных меркаванняў. Твар яго спахмурнеў. І я адчуў, што ён цалкам страціў цікавасць да мяне.

І тым не менш, жывучы тут, я ўсё больш пераконваюся, што з’ехаў не з палітычных меркаванняў. Хоць я не ведаю, ці можна было пагарджаць савецкай уладай больш, чым пагарджаў ёй я. Яна мне была ненавісная, яна мяне знішчала. Не фізічна. Не хапала кіслароду. А самае галоўнае, як аказалася ў выніку: я не мог займацца тым, да чаго я сябе рыхтаваў усё жыццё — займацца жывапісам. Там гэтым займацца я не мог. І таму я цалкам сышоў у кніжную графіку. Гэтая сфера менш усяго кантралявалася ідэалагічнымі структурамі, таму што яна, як бы там ні было, вызначалася літаратурным зместам таго, што я ілюстраваў».

Францыю Забораў лічыў роднай краінай. «Менавіта тут я знайшоў сябе. Што можа быць больш каштоўным у жыцці мастака, чым гэта адчуванне і месца, дзе ён можа займацца сваім рамяством?»

Карціна Заборава «Аўтапартрэт з мадэллю» вісіць у галерэі Уфіцы.

 

Карціны Барыса Заборава ў майстэрні

Карціны Барыса Заборава ў майстэрні