У Глыбокім з'явілася стэла да 100-годдзя камсамолу
Па словах былога першага сакратара райкама ВЛКСМ Сяргея Чабатаронка, створаная кампазіцыя, увянчаная чырвонай зоркай, — сімвал доблесці, адвагі і мужнасці многіх пакаленняў
Чабатаронак выказаў падзяку кіраўніцтву раёна, прадстаўнікам прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, моладзі за ўвагу да ветэранаў камсамольскага руху.
Над стварэннем стэлы працавалі лепшыя майстры раёна, у іх ліку работнікі прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Глыбоцкага аграсэрвісу Віктар Шышко, Сяргей Протас, Міхаіл Кот.
Паводле задумы мастака-афарміцеля гарадскога Дома культуры Валерыя Шэвялёва, які выканаў мастацкі эскіз, стэла адлюстроўвае баявы дух моладзі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, удзел у адраджэнні спаленых ворагам гарадоў і вёсак, аднаўленні народнай гаспадаркі краіны, будаўніцтве электрастанцый, буйных магістраляў.
Камсамольскі рух — гэта частка гісторыі, якую мы не маем права аддаць забыццю, — сказаў старшыня райвыканкама Алег Морхат. — Камсамольцы давяралі выкананне адказных, складаных заданняў. Іх імкненне, пераадольваючы выпрабаванні, дасягаць найлепшага выніку — прыклад для падрастаючага пакалення.
Сяргей Чабатаронак, Алег Морхат і актывістка раённай арганізацыі БРСМ Лізавета Буката перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку, пасля чаго прысутныя ўсклалі кветкі да манумента, абмяняліся ўспамінамі, звязанымі з камсамолам.
vkurier.by