У Кобрыне адлоў усыпіў сабаку, які 18 гадоў жыў ў сям'і

21 лютага на вуліцы Іглічныя ў Кобрыне абарвалася жыццё сабакі Даны. 18 гадоў яна пражыла ў сям'і гаспадароў, а «сышла» неяк выпадкова: выйшла без нашыйніка з двара на вуліцу і трапілася службе адлову.

Дана. Фота гаспадароў

Дана. Фота гаспадароў

Трэці дзень пра страту любімца плачуць гаспадары і суседзі. «Яна была сяброўкай ўсіх дзяцей на вуліцы», - уздыхае жыхарка Кобрына Ларыса Лямеза, якая стала сведкай працы службы адлову.
Па словах Ларысы Лямеза, каля 10.00 у прыватны сектар Кобрына, на вуліцу Хвойную, прыехала машына ЖКГ. У той момант стары, ужо сляпы сабака Дана «проста сядзеў на вуліцы ля брамкі».
Камунальнікі стрэлілі — і трапілі ў сабаку дроцікам са снатворным. Па словах жанчыны, затым супрацоўнікі службы адлову пагрузілі жывёлу ў аўтамабіль і павезлі на ўтылізацыю. Ларыса Іванаўна спадзявалася, што яшчэ зможа выратаваць сабаку, села ў машыну і паехала ўслед за камунальнікамі
— Панеслася. Кажу: «Аддайце мне сабаку, гэта любіміца нашай вуліцы». Але яны патэлефанавалі начальніку — і ён не дазволіў аддаваць. Я паехала да начальніка, мы з ім доўга размаўлялі, але мне сабаку так і не вярнулі, бо я не гаспадыня. Тады я прасіла мне яе хоць бы паказаць, каб я магла пераканацца ў тым, у якім яна стане. Я спадзявалася, што яна яшчэ жывая. Не далі.
Ларыса Іванаўна напісала заяву ў міліцыю з патрабаваннем правесці праверку. Гаспадыня Даны Надзея ў той дзень была на працы. Дома быў муж з 6-гадовым дзіцем.
— Муж выйшаў на дарогу, убачыў, што сабака сышоў на метраў 20 ад дома. Ён яе паклікаў і пайшоў закрываць вароты. У гэты час ехала машына ЖКГ. Муж нават не падумаў, што гэта за нашай Данай. (...) Дзіця ў шоку. Мы ўсе ў трансе.
Па словах Надзеі сабака жыў у іх на ўчастку ў будцы на прывязі. Часам яго выпускалі пагуляць. Дана была неканфліктная, турботы суседзям не дастаўляла. За 18 гадоў гаспадарам ніхто на яе не скардзіўся.
— Так, яна ў той дзень была без нашыйніка. Нашыйнік застаўся на ланцугу. Ніхто нават падумаць не мог, што такое здарыцца. Старэнькі сабака. Шпацыраваў каля дома. Гэта быў не проста сабака, гэта быў член сям'і. На ім дзятва дваровая ледзь не каталася верхам. Усе любілі.
Гаспадары сабакі таксама напісалі зварот з патрабаваннем правесці праверку, але ўжо ў раённую пракуратуру.
У Кобрынскім ЖКГ ўпэўнены: іх супрацоўнікі дзейнічалі ў адпаведнасці з заканадаўствам.
— На гэтага сабаку мы выязджалі па заяўцы жыхароў. Сабака без ланцужка, нашыйніка, не зарэгістраваны гуляла па вуліцы. Не ў двары, а на вуліцы. Прэтэнзій да нас ніякіх няма (ад праваахоўных органаў. — Заўвага. TUT.BY), — паведаміў начальнік участка саначысткі і добраўпарадкавання Кобрынскага ЖКГ Анатоль Сацык.
Ларыса Лямеза кажа, што прасіла камунальнікаў паказаць ёй заяўку, якая нібыта паступіла ад жыхароў — але ёй адмовілі.
У цяперашні час у акалічнасцях здарэння разбіраюцца праваахоўнікі.


Паводле tut.by