У Магілёве ўрачыста адкрылі парэнчы
«Расейская звычка адчыняць смеццевыя бакі і вадакалонкі дакацілася і да Магілёва, — падзяліўся навіной жыхар з абласнога цэнтра. — Вы толькі паглядзіце на пампезнасць мерапрыемства: чырвоныя стужкі, задаволеныя пенсіянеры, дэпутаты, якія ганарацца сабой...»
Гаворка ідзе пра адкрыццё добраўпарадкаванага спуску з парэнчамі на тэрыторыі гарадскога парку. Падзея, прама скажам, не асабліва маштабная, але была ўдастоена сюжэту на тэлеканале СТВ.
Як піша магілёвец, у тым месцы стаяла «драўляная дыхтоўная канструкцыя, зробленая мясцовымі жыхарамі за свой рахунак». Замест яе былі ўсталяваныя немудрагелістыя металічныя парэнчы. Такі вось падарунак атрымалі жыхары горада напярэдадні Дня Перамогі.
У цырымоніі адкрыцця прыняў удзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігар Марзалюк.
«Тут досыць круты спуск, у людзей гэта была даўняя праблема. Тут стаялі драўляныя парэнчы, часовыя, не вельмі добрыя, скажам мякка, — выказаўся дэпутат. — Таму мы вырашылі, што з улікам светлых святаў (і памінання продкаў, і вялікага свята 9 траўня) — такі невялікі падарунак».
Паводле onliner.by