У Мазыры рыбакі пратэстуюць супраць намераў улады здаць Прыпяць у арэнду
Раённая ўлада мае намер аддаць у арэнду ўчастак ракі Прыпяць, працягласцю ў 91 кіламетр. І 22 мая ў Мазырскім райвыканкаме мае адбыцца аўкцыён па вызначэнні арандатара. Напярэдадні аўкцыёна мясцовыя рыбакі вырашылі выказаць пратэст супраць намераў улады.
У гэтыя выходныя скончыўся перыяд забароны на большасць спосабаў лоўлі рыбы. Гэтая дата лічыцца адкрыццём рыбалоўнага сезона. Але сёлета ў Мазыры рыбакі вырашылі сумясціць адкрыццё сезона з пратэстам супраць арэнды ракі.
На бераг Прыпяці насупраць галоўнай плошчы Мазыра выйшлі аматары рыбнай лоўлі,на спінах у якіх былі налепкі «Супраць арэнды ракі Прыпяць».
— Улады сцвярджаюць, што шляхам арэнды яны хочуць даць Прыпяці гаспадара, з якога можна будзе спытаць за стан ракі, яе берагоў. Але мы ўсе добра бачым, што і арандаваны цяпер участак у Петрыкаўскім раёне, і раней, калі мазырскі ўчастак быў у арэндзе ў прадпрыемства «Ніжне-Прыпяцкае», не адпавядаюць тым абяцанням, якія мы чуем ад прадстаўнікоў дзяржавы. Аніякіх вынікаў няма і не было. Смецце прыбіралі розныя дабраахвотнікі падчас экалагічных акцыяў. Інфраструктуры для рыбаловаў-аматараў не было створана. А цяпер за магчымасць злавіць рыбіну з Прыпяці давядзецца яшчэ і плаціць. Ад арэнды атрымліваюцца толькі негатыўныя наступствы для большасці людзей. Таму мы лічым, што дапусціць перадачу Прыпяці ў арэнду ні ў якім разе нельга, — пракаментаваў акцыю яе ўдзельнік Андрэй.
Рыбакі, якія сёння пратэставалі на беразе з вудамі ў руках, спадзяюцца, што ўлада пачуе жыхароў Мазыра і адмовіцца ад арэнды гэткага важнага прыроднага аб’екта, які мусіць належаць усяму народу, а не нейкім канкрэтным асобам.
Паводле nn.by