У мінскай кватэры анархістаў Касінеравых правялі ператрус, апісалі нават канапу

Удзень 8 красавіка ў мінскай кватэры Касінеравых адбыўся ператрус, падчас якога апісалі маёмасць, у тым ліку прынтар і канапу, паведамяле «Свабода».

0bc1ba2f_99bd_44fe_8fd9_838761919dff_w1023_r1_s_1.webp

Афіцыйна — шукалі брата Вячаслава Касінерава ў межах справы пра «ўхіленне ад вайсковай службы».

Днём 8 красавіка ў мінскай кватэры Вячаслава і Марыны Касінеравых прайшоў ператрус, падчас якога апісалі маёмасць, у тым ліку прынтар і канапу.

Як расказала «Свабодзе» Марына, пры ператрусе прысутнічала маці Вячаслава. Яна перадала, што, хоць падставай для ператрусу былі нібыта пошукі яго брата ў межах справы пра «ўхіленне ад вайсковай службы», пра самога Вячаслава «пыталі больш, чым нешта пра брата».

Вячаслаў Касінераў расказаў на Facebook, што капітан юстыцыі Малашчанкаў са Следчага камітэта Маскоўскага раёна нібыта заявіў, што «мае гонар прайсціся да прыпынку з маці Касінерава».

Марына Касінерава расказала, што ў лістападзе мінулага года ёй прыходзіла позва ў Следчы камітэт, але яна не ведае, у рамках якой справы. Яна дадала, што рэгулярна бачыць пагрозы на свой адрас у Telegram-каналах.

Марына і Вячаслаў Касінеравы — актывісты анархісцкага руху Беларусі, іх не раз каралі за палітычныя акцыі. У 2017 годзе Вячаслава паўтара месяца трымалі за кратамі, а пасля аштрафавалі за пятлю на шыі помніка «царскаму гарадавому» ў Мінску. У сувязі з тым зняволеннем яго прызнавалі палітычным вязнем. Касінеравы таксама неаднаразова заяўлялі пра правапарушэнні з боку сілавікоў адносна іншых анархістаў; яны ўдзельнічаюць у некамерцыйнай ініцыятыве падтрымкі палітвязняў «DissidentBy». Цяпер Марына і Вячаслаў за межамі Беларусі.