У мінскай школе масавае атручэнне дзяцей
Сёння дзеці з 61-й школы Мінска, якія прыйшлі дадому, масава пачалі скардзіцца на кепскі стан і ваніты. Пра гэта паведамляюць бацькі.

«Нашаму сыну, дзесяцікласніку, стала кепска дома. Аж да таго, што гадзіну таму выклікалі хуткую. Ванітавала моцна яго, дыярэя, вельмі бледны, болі ў жываце. Чакаем хуткую, паглядзім, што скажуць. Са словаў сына, ім давалі шаўрму, нехта адмовіўся, таму нехта з’еў дзве, ён з’еў паўтары. Прыйшоў дадому — вырвала. Як аказалася, у многіх бацькоў такая сітуацыя», — сказала «Нашай Ніве» мама школьніка, Вольга Сабалеўская.
Але гэта не толькі дзесяцікласнікі, дакладная колькасць пацярпелых невядомая.
Проста цяпер да школы пад'язджаюць хуткія.
«Пасля другога ўрока 5-6 класы снедалі, дзецям далі шаўрму, мой сын нешта есці не стаў, укусіў і ўсё — не спадабалася яму. А адразу пасля сняданка, на трэцім уроку, аднакласнікаў пачало ванітаваць, не паспявалі дабегчы да туалета. Сын кажа пра 7 чалавек, якіх вырвала, — усе яны елі шаўрму», — сказала нам яшчэ адна мама.
Адказныя асобы школы пакуль што недаступны для каментароў.