У Мінску затрымалі актывістку Вольгу Мікалайчык
У Мінску затрымалі актывістку Вольгу Мікалайчык. Яна раней была асуджаная за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі на 10 сутак.
Вольгу Мікалайчык затрымалі ўчора, 4 верасня, увечары каля паштовага аддзяленны на вул. Валгарградскай. Да яе падышоў супрацоўнік міліцыі, апрануты ў цывільнае, паказаў сваё пасведчанне і пасадзіў яе ў сіні бус, паведамляе ў фэйсбуку Леанід Кулакоў. Адтуль Вольга Мікалайчык здолела па тэлефоне паведаміць пра сваё затрыманне.
Дагэтуль шэраг актывістаў апазіцыі былі затрыманыя ў Мінску па адкладзеных прысудах.
26 жніўня быў зняволены Максім Вінярскі, а 28 жніўня — Мікалай Статкевіч. Праз пяць сутак Статкевіча выпусцілі на волю.
Актывістка Наталля Гарачка правяла 3 дні пад арыштам. Барысаўскі раённы суд прызнаў яе вінаватай у дробным хуліганстве. Паводле прысуду суддзі Сяргея Герасімовіча, жанчына лаялася падчас затрымання на палігоне пад Барысавам. Як паведамлялася, 1 верасня Наталля Гарачка прыехала адведаць сына Івана, які праходзіць тэрміновую службу ля Барысава. Там размешчана частка падраздзяленняў, задзейнічаных у вайсковых вучэннях «Захад-2017».
Тым часам да 30 базавых велічынь
штрафу — гэта 645 рублёў — асуджаны актывіст Леанід Кулакоў. Актывіста судзілі ў Першамайскім судзе Мінска. Гэта
пакаранне за адзіночны пікет у падтрымку лідараў незалежных прафсаюзаў, які
Кулакоў правёў 14 жніўня.
Паводле www.racyja.com