У Мінску затрымалі Мікалая Статкевіча
Палітыка Мікалая Статкевіча затрымалі па дарозе дадому.
Ягоная жонка Марына Адамовіч сказала Свабодзе, што сёння міліцыянты на працягу ўсяго дня пільнавалі яе машыну: «Мы вярталіся дадому, праехалі метраў пяцьсот, як нас спыніла ДАІ».
Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Яўген Афнагель распавёў Charter97.org падрабязнасці затрымання палітыка.
«Затрымалі Мікалая Статкевіча 20 хвілін таму. Ён вяртаўся з сустрэчы са сваімі паплечнікамі. Машыну, у якой знаходзіліся Статкевіч і яго жонка Марына Адамовіч, спынілі супрацоўнікі ДАІ ў раёне гіпермаркета «Карона» на скрыжаванні вуліц Кальварыйская і Ціміразева. Адразу ж пад'ехаў ужо знаёмы шматлікім актывістам сіні мікрааўтобус. Адтуль выскачылі амапаўцы і схапілі Статкевіча. Куды яго павезлі — пакуль невядома.
Сёння днём мы сустракаліся з Мікалаем Статкевічам, абмяркоўвалі стратэгію далейшых дзеянняў БНК. Казалі пра тое, што галоўным нашым патрабаваннем павінна заставацца правядзенне ў Беларусі датэрміновых парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў пад міжнародным кантролем. Гэтую пазіцыю Статкевіч планаваў агучыць на сесіі Парламенцкай Асамблеі "Усходняга партнёрства", якая сёння адкрылася ў Кіеве. Ужо заўтра раніцай ён павінен быў вылецець ва ўкраінскую сталіцу. Упэўнены, што яго адмыслова затрымалі менавіта цяпер, каб не дапусціць удзелу ў сесіі».
«Еўранест» — міжпарламенцкая асамблея, створаная для збліжэння дзяржаў-удзельніц праграмы Еўрасаюза «Усходняе партнёрства».
Мэта праграмы — збліжэнне ЕС з Украінай, Арменіяй, Малдовай, Грузіяй, Азербайджанам і Беларуссю без іх прыняцця ў склад ЕС.