«У мяне з сабой было толькі 90 долараў»: бацькоў асудзілі, а бабуля з'ехала з унукамі ў Польшчу

Мы сустракаемся з Ганнай Канавалавай побач з дзіцячай пляцоўкай аднаго са спальных раёнаў Варшавы. Двое ўнукаў — Анастасія і Іван — просяць палазіць па горках, нягледзячы на тое, што бабуля скардзіцца на камароў і пачынаецца дождж, распавядае «Еўрарадыё».

img8148.jpg

Яны з'ехалі з ёю восенню мінулага года, апынуўшыся спачатку ва Украіне, а потым у Польшчы. Іх бацькоў асудзілі на пяць з паловай гадоў. Дачка Антаніна была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай, а зяць — адміністратарам тэлеграм-канала «Армия с народом».

Бабуля адпускае дзяцей на пляцоўку і пачынае расказваць сваю гісторыю вельмі эмацыйна, адрываючыся толькі на пошук унукаў на горках.

— Мая дачка Антаніна атрымала першае 23.34 яшчэ ў красавіку 2020 года. Яна выйшла да Ціханоўскага, пачала гаварыць, што ў краіне паборы, працы няма, і іншыя негатыўныя рэчы. І праз некалькі дзён на яе завялі адміністрацыйную справу, даўшы штраф 20 базавых.

Потым быў марш 9 мая ў Бабруйску, вось тады яе ўжо лавілі больш сур'ёзна. Яна казала: «Мама, мяне, дзяўчынку, бус АМАПа лавіў». А потым яна стала сябрам ініцыятыўнай групы Сяргея Ціханоўскага, а потым — Святланы Ціханоўскай. І яны сталі ездзіць па ўсіх гарадах Беларусі, збіраючы подпісы.

Яны аб'ездзілі ўсю Беларусь, збіраючы подпісы ў Лідзе, а назаўтра — ужо ў Брэсце. У Брэсце, я памятаю, яны працавалі з 10 раніцы, і да 10-й вечара яшчэ стаяла чарга — столькі людзей хацелі аддаць свой голас!

Было ўсякае: і ўцякалі, і хаваліся, — па-ўсякаму. Іх было чатыры чалавекі. Часам яны заязджалі да нас дадому, калі былі праездам.

Я памятаю такі выпадак. Быў дождж, яны заходзяць з журналамі, дзе подпісы, у дажджавікі закручаныя, а самі ідуць без нічога. Часцяком яны не ведалі, дзе будуць начаваць, не ведалі, што будуць есці, што будуць рабіць.

Вось так яна з імі праездзіла да канца. Потым яна была каардынатаркай па правядзенні пікетаў па Мінскай вобласці.

Яе арыштавалі 6 верасня 2020 года. Яны ехалі ў машыне, спыніліся кавы папіць, пад'ехаў бус, і іх арыштавалі ўсіх. З чатырох хлопцаў і дзяўчат не выйшла толькі мая дачка. Прычынай затрымання стаўся бэйдж, на якім было напісана «Штаб Святланы Ціханоўскай». Сілавікі так і сказалі: «Гэта наша».

Іх спачатку трымалі ў нейкім гаражы, потым перавезлі ў РУУС, і а пятай раніцы перавезлі на Акрэсціна. У панядзелак быў суд, яе асудзілі на 60 базавых. Мы так уздыхнулі радасна, што не арыштавалі, будзем з'язджаць. Перадумовы ўжо да гэтага былі. Але дачка не выйшла…

Мы яе чакалі і сустракалі, але чалавека не было. Мы звярталіся: дзе чалавек, а мне кажуць, піва п'е, «вы ж ведаеце, што быў суд, пасля суда пайшла кудысьці гуляць». І толькі калі мы падалі заяву аб знікненні, нам патэлефанаваў следчы і сказаў, што яна затрымана на 72 гадзіны па падазрэнні ў крымінальным злачынстве.

— Як вы ўспрынялі арышт?

— Калі затрымлівалі чужых людзей, я казала: «Дзеткі, жорстка ўсё ідзе, не выпусцяць, рыхтуйцеся». Калі затрымалі майго: «Гэта як, яна ж ні ў чым не вінаватая, разбяруцца». Але ўжо ў мяне ў галаве звінела, што трэба везці дзяцей. Таму што мы ведалі: самае слабое звяно ў нас — дзеці.

— Дзе ў гэты час быў муж Антаніны?

— Зяць у мяне быў адміністратарам канала «Армия с народом». Яго затрымлівалі два разы яшчэ ў ліпені. Але тады яшчэ адпускалі. Апошні раз ён быў затрыманы ў пачатку ліпеня, і яго выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

Ён прыняў рашэнне, што з'едзе ў Расію. Там уладкаваўся на працу. Як толькі дачку пасадзілі, ён вярнуўся ў Беларусь. Але мы пра гэта не ведалі. А другога кастрычніка ён быў арыштаваны.

— Цяжка было з'язджаць?

— Антаніну арыштавалі шостага верасня. Быў суд, але толькі праз тры дні нам сказалі, што яна затрыманая. Увечары дзявятага чысла патэлефанавала адвакатка і сказала, што яна вельмі хвалюецца за дзяцей і плача.

Адвакатка тады спытала: «А дзеткі з вамі?» І гэтае пытанне мяне падштурхнула, што трэба з'язджаць. Што з ёю было на Акрэсціна, у СІЗА, я не ведаю.

Так супала, што 10 верасня, як цяпер памятаю, быў сонечны дзень, мы з дзецьмі паснедалі, з'ездзілі ў стаматалогію, сабраліся ў Мінск. Думаю, ну разбяруцца з усім, я з дзецьмі трошкі пабуду, а потым усё вырашыцца. А калі прыехалі ў Мінск, хлопцы з «Страны для жизни» сказалі: «Вам трэба з'язджаць».

Калі я з'язджала, у мяне не было дарожнай сумкі. Я дома знайшла празрысты чахол ад падушкі, туды паклала рэчы, у мяне яшчэ быў заплечнік, паклала туды ежу для дзяцей. Паклала красоўкі на тры памеры большыя. Мы селі ў машыну, і хлопцы завезлі нас у Гомель на машыне. Давезлі да ўкраінскай мяжы, у нас нават не было візы. А трэцяй гадзіне ночы, на ўкраінскай мяжы, з дзецьмі, пешшу мы праходзілі мяжу.

Тады Ваня і спытаў у мяне: «Бабуля, а праўда, што наша мама ў турме?» Да гэтага я ніколі не думала, што мой Ваня ўжо вырас, што ён зусім не маленькі і ўсё разумее. Але ён ніяк не адрэагаваў на сцвярджальны адказ.

У мяне з сабой было толькі 90 долараў, і я ўдзячная, што «Беларускі Хельсінкскі камітэт» прыняў рашэнне падтрымаць нас. Нам далі сутачныя грошы, і яны аплочвалі нам кватэру. Ва Украіне я прабыла тры месяцы, а потым пераехала ў Варшаву.

— Якія адчуванні былі па прыездзе?

— 15 снежня я прачнулася вольным чалавекам. Але ў мяне тут іншая бяда. Аказалася, што нічога з дзецьмі зрабіць нельга без законнага прадстаўніка. Яны не могуць нават звярнуцца да лекара. Я нават не магла дзяцей вывезці, але дзякуй, што натарыус прыйшоў у СІЗА і мы з дазволу маці змаглі адкрыць дзецям гуманітарныя візы.

У Беларусі ў нас застаўся дом, у нас там ёсць ІП. У нас было паўнавартаснае жыццё, і гэта ўсё мы страцілі. Дачку адлічылі з універсітэта з апошняга курса. Улады хочуць забраць у нас участак пад Мінскам. Але, як казала наша дачка, «я ні пра што не шкадую, бо я столькі добрых людзей убачыла».

— А якія адчуванні цяпер?

— Глебы пад нагамі я не адчуваю, не ведаю, што думаць пра будучыню. Перыядычна адчуваю сябе чужым чалавекам. Сёння нават плакала. Хадзіла дакументы падаваць, і там не ўсе дакументы падышлі. І ўся гэтая сітуацыя легла на старыя перажыванні — накаціліся слёзы. Ішла, рыдала…

Я чытаю ўсё, што цяпер у Мінску адбываецца. Але мне здаецца, што, калі б я была ў Мінску, я б партызаніла. Можа, гэта добра, што дзесьці наклеечку наклеілі — можа, гэта подзвіг.

Я з'ехала, калі ўсё было зусім па-іншаму. Вельмі перажывала, калі разабралі мемарыял Рамана Бандарэнкі. Я не ўяўляю, як можна было прымусіць гэтую жанчыну забраць мемарыял. Кветкі, лампадкі прыбіраць. Яна ж нечая маці, а там загінула адзінае дзіця ў сям'і.

— На што вы жывяце цяпер?

— Я атрымліваю 1350 злотых, мне будуць плаціць 1000 злотых за дзяцей, гэта ўвесь мой даход.

Нам дапамагаюць валанцёры. Гаспадыня гэтай кватэры, спецыялістка па манікюры і педыкюры, калі здала нам кватэру, сама арганізавала нам побыт.

Яна сваім кліентам расказала пра тое, што прыехала бабуля з дзецьмі, у іх няма нічога. І яна мне вазіла рондалі, ручнікі, яна прывезла мне коўдры. Цацкі, новыя рэчы. Людзі, палякі, пранікліся і арганізавалі мой побыт.

— Якія адчуванні, што будзе далей?

— Мы як адразу прыехалі ў Варшаву, пайшлі на ледзяную горку. Звычайную, дзіцячую, каб дзеці каталіся на попе. Ніхто нам нічога не казаў, хоць дзеці па-руску крычалі, размаўлялі, разам з польскімі дзецьмі каталіся.

Я стаю ўбаку ад палякаў. Ідзе мужчына, гадоў за 70. І ён так на дзяцей махнуў і нешта сказаў. Бачу, што ўсміхаецца, я яму махнула.

Ён спыняецца каля мяне і нешта мне кажа. А я адказваю, што не моцна разумею. Ён кажа: «Пані ўкраінка?», — я кажу: «Не». Я не ўпэўненая, што ён гэта спытаў, але па інтанацыі падобна: «А хто?» Я яму: «Беларуска». Ён пастаяў, а потым кажа: «Вольны народ... а бандыт ва ўладзе».

Я адышла, і ў мяне ажно слёзы паліліся. Чалавеку ўжо 70 гадоў, а ён так сказаў.