У Наваградку затрымалі пісьменніка Міхася Зізюка. Дапоўнена

Наваградская міліцыя своеасабліва «павіншавала» мясцовага літаратара Міхася Зізюка з Міжнародным днём пісьменніка: 3 сакавіка яго затрымалі.

ziziuk.jpg

На якой падставе затрымалі пісьменніка, пакуль невядома. Хутчэй усяго, супраць Міхася Зізюка вядзецца адміністрацыйная справа, паведамляе «Гродзенская вясна».

Міхась Зізюк, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, вядомая асоба ў Наваградку — і сваёй літаратурнай творчасцю, і патрыятычнай грамадскай пазіцыяй. Міхась Зізюк удзельнічаў у мясцовых экскурсіях, якія апошнім часам сталі папулярнымі. Да суду Міхась Зізюк утрымліваецца ў ізалятары.

Міхась Зізюк нарадзіўся ў Лельчыцкім раёне на Гомельшчыне, скончыў Новасібірскае вышэйшае вайскова-палітычнае вучылішча, у часы СССР служыў на Далёкім Усходзе, паведамляе сайт Саюза беларускіх пісьменнікаў. У 1993 годзе Міхась Зізюк вярнуўся ў Беларусь. Працаваў у раённым аддзеле ўнутраных спраў, скончыў Акадэмію МУС Беларусі і атрымаў кваліфікацыю юрыста. Апошнім часам быў індывідуальным прадпрымальнікам. Пісаць Міхась Зізюк пачаў у сярэдзіне 2000-х гадоў. Піша на беларускай і рускай мовах.

Абноўлена: 4 сакавіка Наваградскі раённы суд аштрафаваў Міхася Зізюка на 30 базавых велічынь, паведаміла Радыё Рацыя. Суд прызнаў яго вінаватым у распаўсюдзе незарэгістраваных улётак.