У Наваполацку стартавала школа лідарства для жанчын
Аб'яднанне актыўных жанчын рэгіёну — асноўная мэта новай школы пад назвай "Мова жанчын".
Арганізатары атрымалі больш за 30 заявак на ўдзел. «Мы атрымалі заяўкі на ўдзел у Школе „Мова жанчын“ ад патэнцыйных удзельніц не толькі з Полацку і Наваполацку, а таксама з Лепеля і Верхнядзвінска», — распавяла адна з арганізатараў школы, сябра Рады Руху "За Свабоду" Вольга Дамаскіна.
Першая сустрэча школы адбылася напрыканцы 2018 года. «Гэта сімвалічна, — кажа Дамаскіна. — Час, калі падводзяць вынікі мінулага года і будуюць новыя планы і мэты на наступны. У планах „Мовы жанчын“ — абʼяднаць актыўных жыхарак гораду, падтрымаць іх лідарскія якасці, дапамагчы зрабіць так, каб іх голас быў пачуты, каб яны разам змаглі рэалізоўваць розныя ініцыятывы, якія прынясуць пазітыўныя змены ў грамадзянскай супольнасці рэгіёну і маглі адстойваць свае правы».
«І першая сустрэча паказала ўжо, што сабраліся аднадумцы: мы знаёміліся, дзяліліся вопытам, прафесійнымі і асабістымі кампетэнцыямі, вельмі чула слухалі адна адну, так, што ў досыць халодным памяшканні, адчулі сябе цяпло і камфортна, сапраўды сярод сваіх», — распавядае Таццяна Трафімава, таксама адна з арганізатараў.
«Нас, некалькі жанчын з розных сфераў дзейнасці, з рознымі поглядамі, але нам пашчасціла сустрэцца, і нас абʼядноўвае тое, што мы лічым, што жанчыны могуць самі рабіць свой выбар і быць лідаркамі. Мы атрымлівалі веды, якімі з намі дзяліліся іншыя жанчыны і цяпер надышоў момант, каб і мы маглі падзяліцца сваімі ведамі з жанчынамі нашага гораду», — патлумачыла Дамаскіна.
Ёсць жанчыны, дадала яна, якія абсалютна камфортна сябе адчуваюць у ролі маці, хатняй гаспадыні. «Яны так рэалізуюць сябе і шчаслівыя. А ёсць жанчыны з яркімі рысамі лідарства, якім складана знаходзіцца толькі ў межах дома і сям’і. І рана ці позна гэта выльецца ў знешнюю рэалізацыю — у ролю арганізатара, кіраўніка, яна будзе гуртаваць вакол сябе людзей і запускаць працэсы. Гэта нельга падаўляць, а трэба спрыяць і развіваць», — кажа Вольга Дамаскіна.
Удзел у школе «Мова жанчын» — бясплатны. Спікеры і трэнеры арыентаваны на тое, што жаночае лідарства гэта не толькі індывідуальны кар’ерны рост, але і захаванне правоў жанчын на атрыманне паўнавартасных і роўных магчымасцяў.
«Мы намецілі тэму наступнай сустрэчы — гульні, скіраваныя на зніжэнне ўплыву гендарных стэрэатыпаў, не толькі на мужчын, але перш за ўсё на жанчын», — кажа Трафімава.
«Для мяне жаночае лідарства — гэта калі жанчына не спыняецца, ідзе наперад, а за ёй шырокая дарога па якой ідуць не толькі іншыя жанчыны, але і мужчыны. Мы разам будзем адкрываць новыя старонкі жаночага актывізму ў рэгіёне», — заключыла Дамаскіна.
Паводле pyx.by