У нядзелю пратэстанцкія цэрквы краіны маліліся за Беларусь (фота)

Евангельскія цэрквы Мінска і іншых гарадоў Беларусі сабраліся разам для нацыянальнай малітвы за краіну.

10_8_1.jpg

Малітва — гэта звышнатуральны ключ да вырашэння любой праблемы, якой бы яна ні здавалася невырашальнай і страшнай. Менавіта таму вернікі лічаць яе сваёй галоўным зброяй.
Пастары агучвалі розныя праблемы, якія наносяць страты беларусам, і маліліся аб іх вырашэнні.Гэта і хваробы: анкалогія і кавід, ад якіх паміраюць людзі. Гэта і пачуццё безнадзейнасці, якое прыводзіць да суіцыду.
«Мы на гэтым месцы, каб даць надзею ў Ісусе Хрысце, кожнаму хто яе страціў», — адзначыў пастар Вячаслаў Ганчарэнка.
Царква вырашае духоўныя і не толькі духоўныя пытанні. Разам вернікі маліліся аб тым, каб у краіне, дзе так шмат пакут, моцныя не прыгняталі слабых. Каб жорсткія сэрцы змірыліся і пакаяліся. І каб усе, хто робіць благое, спыніліся і сталі рабіць дабро.
«Ісус ведае, што такое быць несправядліва арыштаваным і асуджаным няправедным судом. Ён ведае, што значыць быць збітым і аддадзеным на смерць, — гэтымі словамі маліўся пастар Антоній Бокун за ўсіх нявінна асуджаных беларусаў. — Ісус прыйшоў, каб змучаныя выйшлі на свабоду, каб зняволеныя былі вызваленыя. Гасподзь, дай вызваленне ўсім палітвязням нашай краіны. Хай іх родныя і блізкія знойдуць у Табе надзею».
Малітва за Беларусь завяршылася дабраслаўленнем беларускага народа. Вернікі абвясцілі на наш народ 90-ю псальму, у якой Бог абяцае захоўваць тых, хто Яго любіць.


Паводле прэс-рэліза