У падпале машыны віцебскага блогера падазраюць дырэктара СТА

Уночы з 26 на 27 студзеня невядомыя падпалілі Volkswagen Passat CC віцебскага відэаблогера Яўгена Куляшова. У Следчым камітэце Віцебскай вобласці паведамілі, што падазраваны ў падпале — дырэктар адной з віцебскіх СТА, піша Радыё Свабода.

x4l_g7uni4o_1.jpg


Блогер Яўген Куляшоў, які выкрывае парушэнні на віцебскіх станцыях тэхабслугоўвання, запачаткаваў праект «Как нас разводят на СТО» і публікуе ролікі пра заўважаныя парушэнні на двух каналах на Youtube (адзін мае 137 тысяч падпісантаў, другі 10 тысяч).
Віцебскім гарадскім аддзелам Следчага камітэту заведзеная справа паводле часткі 2 артыкулу 218 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь — «Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, учыненае агульнанебяспечным спосабам». Справа заведзеная па факце загарання аўтамабіля «Фольксваген Пасат». Праз падазрэнне ва ўчыненні злачынства затрыманы дырэктар аднаго з СТА Віцебску.
Пасля агляду месца здарэння следчымі прызначаны розныя экспертызы: судова-хімічная, пажара-аўтатэхнічная, таваразнаўчая, якая ў тым ліку ацэніць суму страты, а таксама чаму адбылося загаранне. Цяпер расследаванне працягваецца, сказала Свабодзе галоўная інспектарка ў сувязях з грамадскасцю Святлана Сахарава.
Пасля таго, як у лістападзе 2016 году Яўген Куляшоў распачаў свой праект і прапанаваў далучыцца да выкрывання праблем усім сваім падпісантам, у яго неаднаразова паўставалі праблемы з кіраўнікамі СТА. Некаторыя інцыдэнты сканчаліся судамі, ініцыяванымі супраць відэаблогера. Ён прайграваў, але гэта не спыняла ягонага імпэту.
Пра тое, што ён і надалей збіраецца працягваць праект «Як нас разводзяць на СТА», Яўген Куляшоў заявіў у апошнім відэароліку. Ён паабяцаў грашовую ўзнагароду памерам 5 тысяч даляраў за інфармацыю пра падпал ягонай машыны, а таксама звярнуўся да ўладальнікаў відэарэгістратараў, якія маглі зафіксаваць факт падпалу.