У пераходзе метро «Плошча Перамогі» адбыўся выбух

У падземным пераходзе на плошчы Перамогі сёння адбыўся незразумелы інцыдэнт...



Фота: Ірына Арахоўская / Facebook

Фота: Ірына Арахоўская / Facebook

Сведкамі незвычайнага здарэння сталі журналісты 9 траўня ў пераходзе станцыі метро "Плошча Перамогі". Там адбыўся выбух, на які, па словах відавочцаў, не зрэагавалі ні міліцыянты, ні супрацоўнікі метро. Між тым, здарэнне адбылося незадоўга да прыезду Аляксандра Лукашэнкі, які на гэтай плошчы ўскладаў вянок да манумента Перамогі.

Журналістка Кацярына Ткачэнка апісала ў Фэйсбуку інцыдэнт, сведкай якога яна стала:

"Цікавую сцэну назірала сёння. Спускаюся ў падземны пераход на плошчы Перамогі з боку былой крамы "Крышталь". (Калі стаяць тварам да Манументу Перамогі, а спінай да трамвайных шляхоў, то справа.) Спускаюся па лесвіцы ў пераходзе, раптам чую гук ад нейкага выбуху, дым і характэрны пах...

У хлопца нешта выбухнула ў заплечніку. Усё адбываецца, літаральна ў 500 метрах ад Вечнага агню, дзе павінен ускласці кветкі Лукашэнка... Праход туды толькі праз турнікет... Перад турнікетам стаіць чарга людзей з "несмяротнага палка", якая амаль даходзіць да падземнага пераходу, дзе здарыўся інцыдэнт... Людзі ў цывільным "апякаюць" несмяротны полк — напрыклад, сочаць, каб ніхто не выйшаў на тратуар... Рух па праспекце перакрыты. З боку вуліцы Машэрава стаіць аўтазак...

І ў гэтай сітуацыі ў падземным пераходзе адбываецца незразумелы інцыдэнт... Хлопец, у якога, па яго словах, выбухнуў акумулятар, яшчэ хвілін 15 стаяў на прыступках на выхадзе з пераходу разам з кампаніяй сяброў. Ніводзін супрацоўнік міліцыі, ніводзін супрацоўнік метрапалітэна не ніяк не адрэагаваў на інцыдэнт... Гэта дарэчы пра тое, ці можам мы сябе адчуваць у бяспецы падчас масавых мерапрыемстваў..."

Каментуючы яе запіс Ірына Арахоўская дадала: "Я была ў той момант зверху, падбегла да супрацоўніка ў штацкім. Ён сказаў: "Мне нельга сыходзіць з месца".

 euroradio.fm