У прафесаркі БДУ Наталлі Абрашынай-Жадаевай прайшоў ператрус

У прафесаркі кафедры вышэйшай матэматыкі і матэматычнай фізікі БДУ, доктаркі фізіка-матэматычных навук Наталлі Абрашынай-Жадаевай прайшоў ператрус. 17 снежня імя Абрашынай-Жадаевай было ў спісах затрыманых, піша reform.by.

Наталля Абрашына-Жадаева

Наталля Абрашына-Жадаева


Учора яна напісала, што па яе прыйшлі з КДБ. Пазней Наталля паведаміла, што знаходзіцца на працы пад падпіскай аб неразгалошванні.
«У сувязі з прызнаннем платформы "Сход" экстрэмісцкай і разглядам асобнымі дэпутатамі пытання аб спыненні яе працы, складаю з сябе паўнамоцтвы дэлегата і ў дадзенай структуры больш не прымаю ўдзелу», — напісала яна.
Наталля таксама паведаміла, што ў яе няма яе мабільнага тэлефона і планшэта.
У жніўні гэтага года паведамлялася, што з ёй гутарылі ў КДБ, яна дала падпіску аб неразгалошванні. Паводле яе слоў, яна праходзіла сведкай па 6-8 крымінальных артыкулах. У той дзень былі ператрусы ў дэлегатаў платформы «Сход», людзей забіралі на допыты.
На гэтым тыдні платформа народных прадстаўнікоў «Сход» была прызнаная экстрэмісцкім фарміраваннем.