У Расіі апраўдалі святара РПЦ, які вербаваў прастытутак у Віцебску
У Расіі адмянілі прысуд святару РПЦ Мікалаю Кірэеву, асуджанаму ў Віцебску за спробу арганізацыі занятку прастытуцыяй з вывазам асобы за межы дзяржавы, перадае Радыё Свабода.
Тэрмін пакарання скарацілі да 4 гадоў і 6 месяцаў па амністыі ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Амністыя адбылася ў ліпені 2019 года, а ў жніўні Кірэева накіравалі адбываць пакаранне ў Расію, паведаміў Вярхоўны суд 19 лютага.
У Віцебску Кірэеву прысудзілі 5 год і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Кірэева, жыхара пасёлка імя Марозава Усеваласкага раёну Ленінградскай вобласці, затрымалі ў Віцебску ў жніўні 2017 года. Следзтва выявіла, што іерэй храма Святых Апосталаў Пятра і Паўла (пазней, ужо калі ён быў пад следствам, Мікалая Кірэева адхілілі ад царкоўнай службы) спрабаваў вывезці ў Санкт-Пецярбург для заняткаў прастытуцыяй дзвюх жыхарак Віцебска — 20 і 30 гадоў. Следчыя высветлілі, што вербаванне шляхам угавораў і абяцанняў адбывалася праз інтэрнэт: святар перапісваўся з жанчынамі на працягу красавіка — жніўня 2017 года. Але давесці свой намер да канца не змог, бо разам з жанчынамі яго затрымалі пры пасадцы ў аўтобус «Віцебск — Санкт-Пецярбург».
У Рускай праваслаўнай царкве спадзяваліся, што Кірэева будуць судзіць у Расіі. Аднак паводле беларускага заканадаўства «злачынства, учыненае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, расследуецца беларускімі праваахоўнікамі ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам».
Святар раней ужо вербаваў беларусак
Высветлілася, што спроба вербавання прастытутак у расійскага святара была не першая. Падобным чынам у студзені-лютым 2017 года ён вербаваў жыхарак Гомеля. Злачынства тым разам таксама ўдалося прадухіліць: пасярэдніцу Кірэева, грамадзянку Таджыкістану, затрымалі перад самай пасадкай у цягнік «Гомель — Санкт-Пецярбург». Пазней жанчыну асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. У калоніі агульнага рэжыму яна ўбачыла тэлесюжэт пра затрыманне святара ў Віцебску, у якім пазнала свайго былога саўдзельніка.
svaboda.org