У рэйтынгу свабоды слова Беларусь засталася ніжэй за Расію, Гандурас і Бангладэш
Міжнародная недзяржаўная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) прэзентавала Сусветны індэкс свабоды слова. Беларусь, па меркаванні экспертаў RSF, засталася на 153-м са 180 месцаў.
pixabay.com
У спробе аслабіць расійскі ўплыў на Беларусь і выйсці з эканамічнага крызісу, рэжым Аляксандра Лукашэнкі спрабуе здабыць кантакты з міжнароднай супольнасцю і сцерці вобраз «апошняга дыктатара Еўропы». Аднак, акрамя вызвалення з турмаў галоўных палітычных вязняў, у краіне нічога не змянілася. Пазаштатныя журналісты, якія працуюць у незалежных СМІ, заснаваных за мяжой, не могуць атрымаць акрэдытацыю і церпяць пераслед з боку судовых органаў, — адзначаюць у сваім дакладзе “Рэпарцёры”.
Баючыся дэстабілізацыі становішча, звязанага з украінскім крызісам, улады саджалі ў турму як прарасійкіх, так і антырасійскіх блогераў (аўтары "Regnum" і Эдуард Пальчыс з 1863x.com — рэд.). Нешматлікія журналісты былі арыштаваныя або цярпелі гвалт у 2016 годзе. Але зацішша скончылася ў сакавіку 2017 года, калі беспрэцэдэнтная хваля пратэстаў прывяла да істотнага пагаршэння сітуацыі, — гаворыцца ў дакладзе.
Сярод суседзяў Беларусі ў рэйтынгу Бангладэш — 146 месца, Расія — 148-е, Таджыкістан — 149-е, Дэмакратычная рэспубліка Конга — 154-е.
Украіна ў рэйтынгу RSF займае 102-ю пазіцыю, Польшча — 54-ю, Літва — 36-ю, Латвія — 28-ю пазіцыю.
baj.by