У Шклове будуць судзіць прадпрымальніка за леташняе здарэнне на фэсце ў Александрыі

У Шклове будуць судзіць 38-гадовага прадпрымальніка з Магілёва за здарэнне ў ліпені 2021-га на фэсце ў Александрыі. Яго абвінавачваюць у «аказанні паслуг, якія загадзя не адпавядаюць патрабаванням бяспекі для жыцця ці здароўя спажыўцоў, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання», паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Магілёўскай вобласці.

mycollages_3_1.jpg

Прыватнае прадпрыемства мужчыны аказвала паслугі з выкарыстаннем надзіманага гульнявога абсталявання. Летам мінулага года абласныя ўлады далі яму дазвол на аказанне паслуг на свяце «Александрыя збірае сяброў» і на рэспубліканскім «Купаллі». На адкрытай пляцоўцы ў аграгарадку Александрыя былі ўсталяваныя атракцыёны, якія пачалі працаваць 10 ліпеня. Сцвярджаецца, што дырэктар прадпрыемства ведаў, што ў надзіманым абсталяванні «элементы жорсткага мацавання выраблены самаробным спосабам і не адпавядаюць устаноўленым патрабаванням», а гэта стварала пагрозу бяспекі кліентаў.

У выніку падчас свята парыў ветру сарваў надзіманы атракцыён і падняў яго ў паветра. Пракуратура піша, што пацярпела дзяўчынка 2009 года нараджэння. У яе «менш цяжкія цялесныя пашкоджанні», як і ў мужчыны 2001 года нараджэння. Прадпрымальнік не знаходзіцца за кратамі, яму абралі меру стрымання ў выглядзе закладу.

Нагадаем, у разгар свята вецер падняў вялізныя надзіманыя батуты, на якіх былі дзеці, у паветра. Яны некалькі разоў перавярнуліся і паваліліся на зямлю. У бальніцу для агляду завезлі сем чалавек.

Мужчыну, які зняў на відэа інцыдэнт з атракцыёнамі ў Александрыі, асудзілі на адміністрацыйны арышт.

Паводле «Еўрарадыё».