У вёсцы пад Мінскам мужчына застрэліў з паляўнічай стрэльбы хаскі — «чальца сям'і». Што далей?

Калі Кацярына ехала да бабулі ў вёску, яна нават падумаць не магла, што літаральна праз суткі здарыцца непапраўнае: яе ўлюбёнага хаскі па мянушцы Стэйсі застрэліць сусед. «Усё да гэтага часу як у тумане, гэта параўнальна са стратай блізкага чалавека», — зрывістым голасам кажа дзяўчына.

Стэйсі з гаспадарамі. Фота Onliner

Стэйсі з гаспадарамі. Фота Onliner

— Ён застрэліў сабаку проста ў возеры і кінуў яго да ног маёй маці. Калі я падышла, Стэйсі была ў крыві і ўжо не дыхала. Мужчына, які страляў, растлумачыў, што напярэдадні мой сабака задушыў двух яго гусей. Я заплаціла б за сто такіх гусей, толькі б ён яе не чапаў!

У тым, як так выйшла, што ў шматлюднай вёсцы быў забіты сабака, разбіраўся Onlíner.

Гісторыя адбылася 20 чэрвеня ў вёсцы Вертнікі Дзяржынскага раёна, што за 30 кіламетраў ад Мінска. У дзяцінстве Каця любіла прыязджаць сюды на вакацыі да бабулі. У яе ўспамінах захавалася і невялікае возера на павароце вуліцы Цэнтральнай. Яно і зараз ёсць, хіба што моцна зарасло. Непадалёк ад гэтага возера размешчаны дом, дзе жыве чалавек, які страляў у сабаку Каці.

Той дзень, 20 чэрвеня, Каця згадвае як у тумане. Кажа, што напярэдадні вечарам Стэйсі на непрацяглы час знікаў з поля зроку: сабака актыўны, любіў раскопваць норы мышэй на полі. І калі на наступны дзень, прыблізна гадзіны ў дзве, хаскі зноў знікла, сям'я адразу ж кінулася на яе пошукі: муж і маці дзяўчыны — пешшу, яна сама — на машыне.

— З тым хто страляў у нашага сабаку мы апынуліся амаль суседзямі. Побач тое самае возера, дзе ўсё адбылося. У час пошукаў у нейкі момант мы пачулі стрэл. Першай да дома таго хто страляў прыйшла мая мама. У двары яна заўважыла маці таго хлопца і спытала, ці не бачылі яны нашу Стэйсі. Жанчына расказала: сёння сабаку не бачыла, але ўчора яна была тут і задушыла дзвюх іх гусей. На пытанне, колькі грошай мы вінныя за гусей, адказала: разбірайцеся з гаспадаром. Мама працягнула пошукі, спусцілася да возера і раптам убачыла, як малады чалавек валачэ з возера нашага сабаку. Хлопец сказаў, што яму за гусей ніякіх грошай не трэба і са словамі «Вось, забірайце» кінуў да ног маёй мамы цела Стэйсі. Калі я падыйшла, сабака быў у крыві, ужо не дыхаў.

Каця з мужам патэлефанавалі ў 102. Кажа, чалавек, які страляў у іх сабаку, паставіўся да гэтага спакойна, сказаў, што ён паляўнічы і ў яго ёсць ліцэнзія. Дзяўчына сцвярджае, што міліцыя прыехала праз чатыры гадзіны. Увесь гэты час цела іхняга сабакі ляжала каля возера.

— Супрацоўнікі спыталі, што здарылася. Я сказала, што майго сабаку застрэлілі, і паказала на гэтага маладога чалавека. Пасля таго як міліцыянер пацікавіўся ў яго, з чаго ён страляў, ён вынес нейкі пакет, у якім былі замарожаныя гусі, якіх Стэйсі нібы задушыла. Мы таксама давалі тлумачэнні і расказалі, што напярэдадні сабака знаходзіўся за агароджай. Па нашай заяве абяцалі правесці праверку, папярэдне ўдакладніўшы, якую кампенсацыю мы хацелі б за свайго сабаку. Гэты мужчына ўстанавіў сваю суму за гусей — 140 рублёў. Сказаў, самі гусі каштавалі па 18 рублёў за штуку плюс корм за два месяцы. Мой муж устанавіў суму шкоды ў 16 тыс. рублёў.

— Чаму менавіта столькі?

 Ён улічыў і кошт шчанюка, і догляд, і харчаванне, і дрэсіроўкі, і выставы (Стэйсі была выставачным сабакам) плюс маральны ўрон. Але міліцыянеры сказалі, што, маўляў, сума вялікая і ў якасці ўрону, хутчэй за ўсё, будзе залічаны толькі кошт шчанюка. Але сума мне, калі шчыра, па сутнасці, не важная. Я б хацела, каб за забойства Стэйсі, якую мы лічылі членам сваёй сям'і, яго максімальна пакаралі. Хаця і з сябе адказнасці не здымаю: сабака ж збег на гэтае возера.

За гэтае парушэнне ў дачыненні да Кацярыны як гаспадыні сабакі быў складзены пратакол па артыкуле «Парушэнне правілаў утрымання хатніх жывёл». Дзяўчына сябе і не апраўдвае, але ўпэўнена: канфліктную сітуацыю можна было вырашыць цывілізаваным шляхам. І такі шанец, кажа яна, быў.

— Гэты малады чалавек сказаў маёй маме, што напярэдадні ўвечар, 19 чэрвеня (калі былі задушаныя гусі), нібы злавіў нашага сабаку і шукаў яе гаспадароў. Але на Стэйсі быў ярка-чырвоны ашыйнік, адраснік  нас можна было знайсці. Плюс да ўсяго ў вёсцы за шэсць гадоў, я ўпэўнена, многія бачылі нашага сабаку і ведалі, чый ён. Не выключаю, што ён мог і не ведаць, але, калі б спытаў, яму б у любым двары сказалі, што яна наша з адчаем у голасе кажа Кацярына.  Але цяпер ужо нічога не вернеш.

У гэты ж вечар Каця з мужам завезлі сабаку ў Мінск на крэмацыю. Перад працэдурай 27 чэрвеня была праведзена экспертыза жывёлы. Пісьмовае заключэнне гаспадыні сабакі абяцалі аддаць праз два тыдні. Па словах Кацярыны, на целе жывёлы эксперты налічылі 46 адтулін, якія могуць утварыцца ў тым выпадку, калі ў жывёлу стралялі шротам.

Сельскі выканкам: возера не прыватнае, забараняць доступ да яго ніхто не можа

Невялікае возера, дзе быў застрэлены сабака, размешчана на закругленні вуліцы Цэнтральнай, крыху ў баку ад дарогі. Яно выглядае дзікім, больш падобна на сажалку і не мае агароджы. Аб статусе гэтага возера журналістам расказаў Дзмітрый Русанаў, галоўны спецыяліст па зямельных пытаннях Путчынскага сельскага выканкама.

 Возера размешчана ў межах населенага пункта Вертнікі і на землях агульнага карыстання, таму і не мае агароджы. Гадоў 40 таму былі выпадкі, калі такія невялікія вадаёмы людзі капалі самі і карысталіся імі. А вось зараз без дазволу і праекту такое ўжо немагчыма ў прынцыпе. І забараняць доступ да яго ніхто не можа.

Мясцовыя жыхары: «Стрэліў! Ну а што рабіць?

Пра тое, што адбылося ў той дзень, журналісты паспрабавалі даведацца і ў мясцовых жыхароў. Вось што, напрыклад, распавялі суседзі маладога чалавека, які страляў у сабаку Кацярыны.

— Пусцілі сабаку ды бегаў сабе. Гады два таму гэты сабака ў майго брата дзве казы паваліў — былі навязаны на цеп на сваіх сотках. Добра, што сын яго быў дома ды адбіў, козы жывымі засталіся. Адной толькі вымя трохі падрапаў той сабака, — гаворыць Яўгенія Віктараўна.

— Вы ўпэўнены, што гэта менавіта той самы сабака?

— Дык яна сама, ягоная гаспадыня, ды брата потым прыходзіла, але не ведаю, чым там у іх усё скончылася (Кацярына пацвердзіла: прыблізна два гады таму быў падобны інцыдэнт, але ўсё скончылася мірна, жывёлы не пацярпелі, і дадала, што менавіта пасля гэтага выпадку для сабакі быў пабудаваны вальер). А тут чалавек гусей завёў, качак, а сабака іх пачаў душыць. Ну і стрэліў, а што рабіць? Шкада ж!

Па словах Яўгеніі Віктараўны, хлопец, які страляў, вырас у гэтай вёсцы і ўсе ведаюць яго як «харошага хлопца». Сёлета вырашыў абзавесціся гаспадаркай, развёў пародзістую свойскую птушку.

— Мы жывем праз дарогу ад іх, — расказвае яшчэ адна суседка на імя Ніна. — Сёлета ён завёў маленькіх гусякоў ды качачак. Мы яму бульбачку старую аддалі, каб варыў ім. Я сама ды іх хадзіла і бачыла: на возеры, што ля хаты, ён качкам домік такія прыгожыя зрабіў, нібы веранда. Я ў той дзень ні стрэлаў не чула, нічога. Але што скажу: сабакі  гэта дрэнна, вельмі. Іх настолькі тут шмат, што ні дзецям у школу прайсьці, бо кідаюцца, ні курачку якую выпусьціць. Ён жа столькі грошай аддаў за гэтых уцятак, столькі працы! А калі чалавек сабаку такога трымае, дык трэба ж яго навязваць, каб нічога не нарабілася.

Стралок: «Вось мае два трупы — а вось ваш сабака. Мы ў разліку»

Адшукаць мужчыну, які страляў у сабаку Кацярыны, удалося дзякуючы суседзям. Малады чалавек ператэлефанаваў на тэлефон журналіста са словамі «Добры дзень, я той самы „макрушнік“».

Ён расказаў, што вырас у гэтай вёсцы. Невялікае азярцо непадалёк ад дома шмат гадоў таму капаў яго дзядуля, ён тады працаваў экскаватаршчыкам у мясцовай гаспадарцы. Па словах суразмоўцы, атрымалася, што вадаём быў павялічаны такім чынам, што часткова стаў трапляць у межы іх участку.

— Напярэдадні гэты сабака задушыў двух маіх гусей, — спакойным тонам кажа малады чалавек. — Выйшаў з дому і бачу: гусі па полі бегаюць. Іх у мяне 30 штук. Адзін ляжыць нежывы, другі боўтаецца. Сабака, шэры такі, тыпу лайкі, заўважыўшы мяне, стаў уцякаць. Я паехаў шукаць яго. Ішоў дождж, людзей на вуліцы асабліва не было. Спытаў у пары чалавек  не ведаюць чыя. На наступны дзень мы паехалі з дзіцём у паліклініку, зрабілі яму прышчэпку. Прыехалі дадому, дзеці гулялі ў двары. Чую: крычаць! Выбягаю і толькі заўважаю яе хвост. Яна як пачула мой крык, так і рванула на возера, а там у мяне качкі. Я ў дом, у сейф, за стрэльбу — і туды. А сабака ўжо па возеры за качкамі плыве, на голас не рэагуе — ён ужо ўсё, у паляванні, не спыніць. І я стрэліў. Калі з'явіліся гаспадары, я сказаў: «Вось мае два трупы  праца вашага сабачкі,  а вось ваш сабака. Забірайце, нічога ад вас больш патрабаваць не буду». А яны рогам уперліся, хочуць з мяне грошай сарваць.

— Лічыце, што гэта было правільнае выйсце?

— Разумееце, яны з Мінска прыязджаюць са сваімі сабакамі і пра правілы выгулу тут забываюцца зусім. Ходзяць гэтыя сабакі як жадаюць. У гэтым годзе я ўпершыню завёў племянных качак і гусей. І вось гэты сабака прыйшоў і двух задушыў. І што мне трэба было рабіць? Я, атрымліваецца, трымаю сваю гаспадарку, каб іх сабакі забаўляліся? То бок, гэта нармальна: задушыў сабака гусака, у якога я ўклаў шмат працы, заплацілі і забыліся? Дык яна б так усіх перадушыла!

У смерці свайго гадаванца вінаватыя самі гаспадары, няхай на сябе і крыўдзяцца. Яны няправільна выхавалі свайго сабаку. У мяне ў самога сабакі былі  добрыя, паляўнічыя, навучаны добра. Адзінае маё парушэнне  стрэл у вёсцы. За гэта мне пагражае ад 5 да 10 базавых, з пазбаўленнем зброі ці без пазбаўлення; ім  ад 10 базавых і аж да арышту, таму што быў нанесены ўрон маёмасці.

«Усе канфлікты трэба вырашаць у прававым полі»

Аб прававых момантах здарэння журналісты пагаварылі з кіраўніцай Асацыяцыі зоаабарончых арганізацый Беларусі Аксанай Давыдзенка.

 Сітуацыя вельмі шматслаёвая. Па-першае, абодва героя матэрыялу, як мне здаецца, неналежным чынам утрымлівалі сваю маёмасць. Многія забываюць, што ў нас прадугледжаны правілы ўтрымання не толькі сабак, але і жывёлаў на асабістых падсобных гаспадарках грамадзян. Таму калі качкі і гусі, напрыклад, былі не на тэрыторыі гаспадара і не абгароджаны, то да яго ўзнікае шмат пытанняў. З прававога пункту гледжання адказнасць за парушэнне ветэрынарна-санітарных правіл прадугледжана артыкулам 16.28 КаАП. І калі нормы былі парушаны, павінен быў быць складзены пратакол.

Акрамя таго, у дзеяннях маладога чалавека, які страляў, на мой погляд, угледжваецца склад злачынства, адказнасць за якое прадугледжана артыкулам 339-1 КК ("Жорсткае абыходжанне з жывёламі"). Як злачынства падобнае дзеянне кваліфікуецца, калі яно пацягнула гібель ці калецтвы і было здзейснена з хуліганскіх, карыслівых ці іншых нізінных памкненняў альбо ў прысутнасці заведама малалетняга. Помста за нібы забітых сабакам птушак як раз можна аднесці да нізінных падахвочванняў. Акрамя таго, трэба высветліць, ці бачылі здарэнне малалетнія дзеці.

У адносінах да Кацярыны, як вядома, быў распачаты адміністрацыйны працэс па артыкуле 16.30 КаАП. Калі ўрон не быў нанесены, дзяўчына, хутчэй за ўсё, абыдзецца папярэджаннем або мінімальным штрафам, калі да гэтага не было падобнага парушэння. Калі ўрон быў, то пакаранне будзе больш сур'ёзнае. Аднак тут ёсць нюанс: гаспадар гусей і качак павінен давесці нанясенне ўрону. Бо дакладнай інфармацыі аб тым, што гусей задушыў менавіта сабака Кацярыны, няма. Акрамя таго, калі факт будзе ўстаноўлены, прымаючы рашэнне аб памеры кампенсацыі ўрону, суд будзе ацэньваць усе акалічнасці, у тым ліку тое, ці былі прыняты меры па захаванасці маёмасці гаспадаром загінуўшых птушак.

Кацярына, у сваю чаргу, калі сабака была завадовай, можа зрабіць ацэнку жывёлы і запатрабаваць пакрыццё шкоды. Калі чалавек, які забіў яе жывёлу, будзе прыцягнуты па артыкуле КК, у такім выпадку можна будзе патрабаваць і пакрыццё маральнай шкоды.

Сказаць дакладна, па якім сцэнары сітуацыя пойдзе далей, складана. Усё будзе залежаць ад выніку праверкі. Нагадаю: калі ён не задавальняе, яго можна абскардзіць. І найважнейшае: усе канфлікты трэба вырашаць у прававым полі. Задушыў суседскі сабака гусей — звяртайцеся ў суд, даказвайце, атрымлівайце кампенсацыю ўрону.

«Не выключана ўзбуджэнне крымінальнай справы»

Участковы мясцовага РУУС пацвердзіў Onlíner: па заяве гаспадыні застрэленага сабакі праводзіцца праверка.

— Даецца прававая ацэнка дзеянням аднаго і другога боку, больш нічога з гэтай нагоды вам сказаць не магу. Па выніках праверкі бакі будуць апавешчаныя пісьмовым чынам.

— Ці магчыма ўзбуджэнне крымінальнай справы па выніках праверкі?

— Не выключана.