У Беларусі цукровы дыябет выяўляецца нават у аднагадовых дзяцей
У Беларусі адзначаецца тэндэнцыя зніжэння ўзросту дзяцей, у якіх упершыню выяўляецца цукровы дыябет, паведаміла на прэс-канферэнцыі галоўны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Анжаліка Сонцава.
Паводле яе слоў, яшчэ 10 гадоў таму пік праяўлення ў дзяцей цукровага дыябету першага тыпу прыпадаў на падлеткавы ўзрост, аднак цяпер з'явіўся яшчэ адзін пік — 5-6 гадоў.
"На жаль, абсалютна нярэдкія выпадкі ўзнікнення дыябету першага тыпу ва ўзросце аднаго-двух гадоў", — дадала спецыяліст.
Эндакрынолаг падкрэсліла, што на развіццё захворвання ўплываюць генетычная схільнасць, харчаванне дзіцяці ў раннім узросце, хваравітасць, вага пры нараджэнні. "Мяняецца характар
выкормлівання дзяцей, частка дзяцей больш схільная да прастудных захворванняў, — патлумачыла спецыяліст. — У 90% выпадкаў цукровы дыябет у дзяцей з'яўляецца аўтаімунным
захворваннем, гэта значыць звязаны са змяненнямі ў імуннай сістэме. Калі дзіця часта і доўга хварэе, натуральна, ёсць змяненні ў імуннай сістэме, якія пры генетычнай схільнасці будуць рэалізоўвацца ў
выглядзе цукровага дыябету".
Як расказала Сонцава, сярод дзяцей найбольш распаўсюджаны цукровы дыябет першага тыпу, які на пачатак года быў выяўлены ў 1.664 дзяцей, і ў 2013-2014 гадах намецілася тэндэнцыя да павелічэння
першаснага захворвання на дыябет гэтага тыпу. Колькасць дзяцей з цукровым дыябетам другога тыпу на працягу апошніх пяці гадоў вар'іравалася ад 29 да 33. Паводле слоў спецыяліста, гэты тып
дыябету выяўляецца ў дзяцей з залішняй вагой.
Паводле БелаПАН