У Беларусі стартуе Тыдзень супраць смяротнай кары

Тыдзень супраць смяротнай кары ў Беларусі праводзіцца пад лозунгам "Смяротная кара — гэта забойства". Акцыю адкрые вечарам 5 кастрычніка выстава плакатаў "Шэсць аргументаў супраць смяротнай кары" беларускага мастака з Вільнюса Алега Аблажэя ў офісе выдавецтва "Галіяфы".



2_smertnoy_kazni_horki_info.jpg

У межах выставы таксама будуць прадэманстраваныя работы з маштабнага праекта Death Is Not Justice, перададзеныя для экспанавання ў беларускай сталіцы Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнай кары. 
7 кастрычніка там жа адбудзецца адкрыццё выставы работ фотажурналіста Сяргея Балая, якія прысвечаны маці расстраляных і асуджаных на смяротную кару. 
8 кастрычніка ў галерэі "Ў" з публічнай лекцыяй выступіць старшыня камітэта па замежных справах парламента Чэхіі, былы міністр замежных спраў Карэл Шварцэнберг. 
Адкрытая лекцыя заснавальніцы арганізацыі "Маці супраць смяротнай кары і катаванняў" (Узбекістан), праваабаронцы Тамары Чыкуновай пройдзе 9 кастрычніка ў офісе выдавецтва "Галіяфы". 
Завершацца мерапрыемствы Тыдня 10 кастрычніка, у Сусветны дзень супраць смяротнай кары, прэс-канферэнцыяй прадстаўнікоў кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнай кары". 
Тыдзень праводзіцца ў межах кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнай кары ў Беларусі", якая дзейнічае з 2009 года. Першы Тыдзень супраць смяротнай кары быў арганізаваны праваабаронцамі ў 2013 годзе. Акцыі ў рамках гэтых кампаній праводзяцца з тым, каб спыніць ужыванне ў Беларусі бесчалавечнага віду пакарання і тым самым далучыць краіну да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў. Іх удзельнікамі становяцца ганаровыя замежныя госці, паслы, творчыя людзі, родныя расстраляных і асуджаных на смяротную кару, прыхільнікі і актывісты абаліцыянісцкага руху Беларусі. 
Праваабаронцы нагадваюць, што Беларусь застаецца адзінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы краінай, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прыгаворы. Так, толькі з 1 ліпеня 2013 года па 30 чэрвеня 2014-га былі вынесены чатыры смяротныя прыгаворы. Два з іх — прыведзеныя ў выкананне: пакараны Рыгор Юзэпчук 1969 года нараджэння, прыгавораны да вышэйшай меры за забойства сакамерніка, і Павел Сялюн 1990 года нараджэння, асуджаны на смерць за забойства двух чалавек. 
 
Захар Шчарбакоў, БелаПАН