У Гомелі сустракалі Рычарда Эванса

Брытанскі веласіпедыст Рычард Эванс, ажыццяўляючы кругасветнае падарожжа, наведаў Беларусь. Вечарам 16 красавіка ў Гомелі на плошчы Леніна яго ўрачыста сустракалі мясцовыя веласіпедысты. Эванс мае намер аб`ехаць увесь свет на сваім веласіпедзе.



rycyrd_evans.jpg

Рычард Эванс у Брэсце. 13 красавіка 2014 г.

За пяць месяцаў велатурыст збіраецца ў адзіночку пераадолець больш чым 24 тысячы кіламетраў і пабываць у 21 краіне, уключаючы Германію, Польшчу, Беларусь, Расію, Тайланд, Аўстралію і Новую Зеландыю. З Лондана ён выехаў 5 красавіка, а вярнуцца павінен 1 кастрычніка. 53-гадовы брытанец ужо адолеў каля 2 тысяч кіламетраў.
 

Праехаўшы Галандыю, Германію і Польшчу, 13 красавіка велатурыст перасек беларускую мяжу ў Брэсце. З тых пор ён падарожнічае па Беларусі.
 

Гомель стаў у яго маршруце апошнім беларускім горадам, ужо 17 красавіка Рычард Эванс плануе перасячы мяжу з Расіяй.
 

Адказваючы на пытанні гомельскіх веласіпедыстаў, брытанец сказаў: "У мяне фантастычныя ўражанні ад Беларусі, асабліва ад гасціннасці беларусаў у Брэсце і ў Гомелі". Ён адзначыў, што першапачаткова планаваў наведаць Украіну, паколькі для ўезду ў гэтую краіну брытанцам не патрабуецца віза, але з-за апошніх падзей выбраў Беларусь.
 

"Праўда, атрымаць беларускую візу было вельмі цяжка, таму што ўсе турагенцтвы хацелі, каб былі забраніраваны гатэлі. Урэшце рэшт брэсцкі велаклуб "Ручаёк" дапамог з атрыманнем візы", — сказаў Эванс.
 

Пры гэтым велатурыст заўважыў, што ў Беларусі вельмі кепска развіта веладарожная інфраструктура.

БелаПАН