У Лобава — ператрус, у яго маці парвалі вопратку і забралі мабільны тэлефон
У мінскай кватэры былога палітзняволенага Эдуарда Лобава, які цяпер ва Украіне, адбыўся ператрус. Здарылася гэта сёння ў 8.30 раніцы. Ператрусам кіраваў старэйшы аперупаўнаважаны ГУБАЗ Мінгарвыканкама Раман Кіжапін.
Эдуард Лобаў / svaboda.org
Распавядае маці — Марына Лобава:
«Я выходзіла выгульваць сабак, каля ліфта мяне чакалі тры высокія мужчыны ў цывільным. Яны прад’явілі пастанову на ператрус, падпісаную пракурорам у сувязі з тым, што супраць Эдзіка распачатая крымінальная справа за ўдзел у ваенных дзеяннях ва Украіне.
Мяне прымусілі вярнуцца ў кватэру. Зайшлі самі і прывялі панятых. Некалькі супрацоўнікаў засталіся ахоўваць уваход у кватэру.
Падчас ператрусу забралі два ноўтбукі — мой і майго мужа. Таксама працэсар (сістэмны блок) ад камп'ютара, некалькі флэшак і кнігу пра «Малады Фронт» і пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтар «Вясна».
У парушэнне закону сілай з маёй кішэні забралі мабільны тэлефон. Пастанова была на ператрус у кватэры, а не на асабісты агляд — таму гэта парушэнне. Я ўжо не кажу пра тое, што гэта рабілі супрацоўнікі-мужчыны, ды яшчэ з прымяненнем фізычнай сілы.
У пратаколе я ўказала, што маю прэтэнзіі наконт мабільнага тэлефона, а таксама парванай курткі — гэта здарылася пры аглядзе мяне. Таксама запісала, што мне не дазволілі пазваніць адвакату».
Пасля ператрусу Марына Лобава звязалася з адвакатам. Яна збіраецца падаваць скаргу на незаконнае выманне тэлефона.
На пытанні пра сына, пра ягоную дзейнасць ва Украіне Марына Лобава адказваць адмаўляецца.
Паводле Радыё Свабода