У Лунінцы адбыўся выбух на будоўлі ЦЭЦ
Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі, у 17.06 у МНС паступіла паведамленне аб частковым абвальванні канструкцый будынка на тэрыторыі будаўніцтва ЦЭЦ па вуліцы Чырвонай у Лунінцы.
Загінуў адзін чалавек, адзін шпіталізаваны з траўмамі рознай ступені цяжкасці. Абставіны здарэння высвятляюцца, на
месцы працуюць прадстаўнікі Следчага камітэта. Будынак у эксплуатацыю ўведзены не быў.
Між тым, як паведамляе сайт media-polesye.by, выбух быў такой сілы, што яго
пачулі ў розных частках горада. Як мяркуецца, выбух адбыўся ў электрафільтры. Аднак дакладнай інфармацыі наконт гэтага няма, прычына ўстанаўліваецца. Адзін работнік, які знаходзіўся побач з
электрафільтрам, загінуў на месцы. Двое пацярпелых дастаўлены ў Лунінецкую райбальніцу.
Шыбы выляталі не толькі на ЦЭЦ, але і ў найбліжэйшых будынках. На месцы аварыі працуюць групы РАНС, РАУС, райаддзела Следчага камітэта і іншых службаў.
Афіцыйнае адкрыццё ЦЭЦ на мясцовых відах паліва планавалася на верасень, праводзіліся выпрабавальныя работы.
Будаўніцтва цеплаэлектрацэнтралі было пачата ў сакавіку 2012 года. Як сведчаць спецыялісты, 70% абсталявання ЦЭЦ — беларускай вытворчасці, сама турбіна — нямецкай, адзначае
сайт media-polesye.by.