У Трасцянцы ўшануюць памяць Вінцэнта Гадлеўскага
Рух салідарнасці «Разам» 24 снежня наведае ўрочышча Благаўшчына каля вёскі Трасцянец, каб ушанаваць памяць каталіцкага святара Вінцэнта Гадлеўскага. Каля памятнага Крыжа Гадлеўскаму, на месцы забойства святара, актывісты памоляцца і запаляць свечкі.
Як паведаміў лідар руху Вячаслаў Сіўчык, гэта традыцыйная акцыя памяці, якую рух «Разам» праводзіць з 2006 году. Яна ладзілася нават пасля выбараў 2010 году, калі ўсялякая актыўнасць пераследавалася, а таксама адбыліся масавыя арышты грамадскіх актывістаў.
24 снежня 1942 году, пасля Імшы ў Чырвоным касцёле, нямецкія ўлады арыштавалі Вінцэнта Гадлеўскага і расстралялі ў Трасцянцы пад Мінскам. Ён быў адным з заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі й ідэолагам беларускага нацыяналізму. Постаць Гадлеўскага застанецца ў Беларускім Вызвольным Руху як адна з бліскучых постацяў — нязломнага барацьбіта, Вялікага Патрыёта і Вялікага Пакутніка за Волю свайго Народу, за Волю Беларусі.