Удаве Тарайкоўскага падатковая выставіла рахунак амаль на 4,5 тысячы долараў

Удава Аляксандра Тарайкоўскага, які загінуў падчас паслявыбарчых пратэстаў, павінна заплаціць падаходны падатак з грошай, якія ёй сабралі неабыякавыя людзі.

Алена Герман з дачкой

Алена Герман з дачкой


Падатковая інспекцыя МПЗ Маскоўскага раёна Мінска палічыла, што дабрачынная і бязвыплатная дапамога неабыякавых людзей сям’і забітага 10 жніўня 34-гадовага Аляксандра Тарайкоўскага з’яўляецца асабістым прыбыткам яго жонкі за 2020 год, піша «Салідарнасць».

Падаходны падатак склаў 11 001,63 беларускіх рублёў (у эквіваленце — каля $4435). Гэтую суму Алена Герман павінна была заплаціць да 1 чэрвеня. З гэтага дня штодня налічваецца пеня.

Шлюб Аляксандра Тарайкоўскага з Аленай Герман не быў зарэгістраваны афіцыйна, але пара гадавала дзвюх дзяўчынак: агульную Насцю і дачку Алены ад першага шлюбу Дар'ю.

Пасля гібелі Тарайкоўскага «людзі з розных краін, у тым ліку і нашы суайчыннікі, сталі пералічваць грашовыя сродкі на мой банкаўскі рахунак», распавядае Алена. Яна падкрэслівае, што не прасіла аб дапамозе. Адкрыць рахунак яе ўгаварылі. Сям’я жыла з заробку Аляксандра, і пасля таго, як ён загінуў, засталася без крыніцы існавання.

«Я бачыла раздрукоўку рахунка: кожны пералічваў колькі мог, хто па пяць рублёў... Людзі зарабілі гэтыя грошы, ніхто ім не даў проста так», — кажа Алена.

Яна мае намер аспрэчыць рашэнне падатковай — падрыхтавала зварот у Мінгарвыканкам і Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў, у якім просіць вызваліць яе ад выплаты падаходнага падатку. Сваю просьбу тлумачыць тым, што выплата такой вялікай сумы пагоршыць матэрыяльны стан яе сям’і. Яна нагадвае, што СК адмовіўся распачынаць крымінальную справу па факце забойства яе мужа. Паколькі няма фігурантаў, значыць, няма каму прад'явіць пазоў аб кампенсацыі шкоды ў сувязі са стратай карміцеля.

Дачцэ Аляксандра Тарайкоўскага ў траўні споўнілася чатыры гады. Толькі нядаўна дзяўчынка навучылася ўспамінаць пра тату без слёз.

Аляксандра Тарайкоўскага забілі падчас паслявыбарчых пратэстаў 10 жніўня. Першапачаткова ў МУС гаварылі, што ён загінуў пры спробе кінуць неўсталяваны прадмет у сілавікоў, але гэты прадмет выбухнуў у мужчыны ў руках. Аднак пасля публікацыі відэа з месца здарэння пра гэтую версію забыліся. У лютым 2021 года на той момант старшыня СК Антон Наскевіч прызнаў, што ў Тарайкоўскага стралялі сілавікі.