Улады кажуць, што «Голас» зноў «узламалі». Лібер абвергае
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра «зліў» даных адмінаў і іншых асоб, якія маюць дачыненне да «Голаса». І нават паказалі скрыншоты «базы» — табліцы з тг-юзернеймамі і нумарамі тэлефонаў, паведамляе dev.by.
Павел Лібер паведаміў dev.by, што «ні адно названае імя не мае
дачынення да платформы "Голас". Ні адзін з адмінаў "Голаса" не знаходзіцца ў
Беларусі».
Таксама Павел Лібер пракаментаваў гэта ў Твітары.
Журналісты пацікавіліся ў аднаго з «адмінаў» са спіса.
«Да "Голаса" гэты зліў дачынення не мае, — адказаў Павел Пятруша. — Было затрыманне мяне 8 жніўня 2020 года па лініі назіральнікаў і допыт у пракуратуры, у спісе я з тых часоў».
Другі чалавек са спіса на ўмовах ананімнасці паведаміў dev.by, што ніколі не быў адмінам «Голаса». «Проста накідалі рандомны спіс людзей, якія былі назіральнікамі і / або валанцёрамі. Ніхто з іх цяпер не актыўны палітычна і ніяк не звязаны з "Голасам"».
Паводле інфармацыі Антона Матолькі, на скрыншоце могуць быць людзі, якія мелі дачыненне да чата «Сумленныя людзі» з каардынатарамі / назіральнікамі па Мінску і Мінскай вобласці. Частку людзей з гэтага спіса выклікалі ў пракуратуру да 9 жніўня 2020 года па адміністрацыйнай справе, якая затым была закрытая.
Зрэшты, інфармацыя пра «ўзлом» платформы з'яўляецца не першы раз. У красавіку мінулага года ў адным з тэлеграм-каналаў з'явілася інфармацыя пра тое, што база даных платформы «Голас» выстаўлена на продаж. Але распрацоўшчыкі сістэмы растлумачылі тады, што гэта фейк.