Улады Магілёва адмовіліся ўносіць Дзень Волі ў спіс афіцыйных святаў
Кіраўніцтва магілёўскага гарвыканкама не захацела рабіць гадавіну БНР агульна гарадскім святам, паведамляе Радыё Свабода.

З прапановай уключыць у план афіцыйных гарадскіх мерапрыемстваў на 2020 год святкаванне 102-гадавіны незалежнасці БНР звярталіся да гарадскіх уладаў кіраўнік абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў і каардынатар БХД Алег Аксёнаў.
У адказе на зварот магілёўскіх палітыкаў гаворыцца, што для адзначэння гістарычных падзеяў, якія паспрыялі фармаванню беларускай дзяржаўнасці ў 1917-1919 гадах дапускаецца правядзенне «круглых сталоў, дыскусіяў гістарычнай скіраванасці ў рамках статутнай дзейнасці грамадскіх і палітычных арганізацыяў». Падпісала ліст намесніца старшыні гарвыканкаму Ала Галушка.
Уладзімір Шанцаў лічыць, што для Магілёўскага гарвыканкаму дзень абвяшчэння незалежнасці БНР падзея «чужая і незразумелая». На ягоную думку пазіцыя мясцовых чыноўнікаў у пытанні «афіцыйнага прызнання важнасці для беларускай дзяржаўнасці Дня волі залежыць ад таго, што скажа начальства з Мінска».