Улады тлумачаць, чаму «Табакерка» за сто метраў ад паліклінікі — гэта законна
Мінчане напісалі мясцовым уладам і папрасілі прыбраць «Табакерку», якая знаходзіцца на прыпынку, у 150 метрах ад дзіцячай паліклінікі. Чыноўнікі разгорнута патлумачылі, што забароны на кіёск каля ўстановы аховы здароўя няма.
Мінчане папрасілі камітэт архітэктуры Мінгарвыканкама растлумачыць, чаму не выконваюцца рэкамендацыі па ўстаноўцы «Табакерак». Маецца на ўвазе забарона на ўстаноўку кіёскаў на тэрыторыі, прылеглай да ўстаноў аховы здароўя. Для прыкладу прыведзеная «Табакерка» на прыпынку па вуліцы Налібоцкай. У 150 метрах ад яе размешчана дзіцячая паліклініка.
Адказы чыноўнікаў выклалі ў телеграм-канале «# МотолькоПомоги: Минск». У адным з іх гаворыцца, што парушэнняў ва ўсталёўцы гэтай «Табакеркі» няма. Канкрэтныя адлегласці ад «Табакеркі» да ўстаноў аховы здароўя нідзе не прапісаны.
У камітэце архітэктуры тлумачаць, што продаж цыгарэт у краіне рэгулюе Палажэнне аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў, вытворчасці, абароту і выкарыстання электронных сістэм курэння, вадкасцяў для электронных сістэм курэння, сістэм для спажывання тытуню.
У ім прапісана, што ёсць шэраг месцаў, дзе нельга прадаваць цыгарэты. Напрыклад, у у памяшканні, дзе знаходзіцца ўстанова аховы здароўя.
Але ў дакуменце не пазначаны канкрэтныя адлегласці ад кіёскаў «Табакерка» да аб'ектаў устаноў аховы здароўя, адукацыі, спартыўнага прызначэння, паркаў і сквераў. Акрамя таго, месца ўстаноўкі ўзгоднена з мясцовымі ўладамі. Выбар пляцоўкі разгледжаны калегіяльна і зацверджаны кіраўніком горада, сказана ў лісце.
# МотолькоПомоги: Минск
Раней ужо пісалі пра тое, як Мінгарвыканкамам узгадняў устаноўку «Табакерак». Кампаніі «Энерго-ОИЛ» дазволілі гэта зрабіць з абмежаваннямі і рэкамендацыямі мясцовых уладаў. «Табакеркі» забаронена размяшчаць унутры гарадскога ядра, межы якога праходзяць па Талстога, Машэрава, Казлова, Захарава і Аранскай. Забаронена іх таксама ўсталёўваць на тэрыторыях, прылеглых да магістральных вуліц, установах аховы здароўя, адукацыі, парках і скверах. Нельга размяшчаць гэтыя кіёскі на прыпынках з вялікім трафікам. Аднак гэтыя ўмовы часта не выконваюцца — кіёскі «Табакерак» заўважалі нават на адлегласці 25 метраў ад школы.
tut.by