Уладзімір Макей: Я не збіраюся заклікаць вас спяваць панегірыкі ўладзе
Выступ Міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея на VII з’ездзе Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» быў прасякнуты міралюбствам і патрыятызмам.
У выступе Макей зазначыў, што зараз шмат робіцца для ўмацавання незалежнасці нашай краіны. Ён добра казаў пра развіццё мовы, культуры. Усцешыўся з таго, што беларускія традыцыі набываюць у грамадстве папулярнасць, узгадаў папулярнасць сярод моладзі тых жа вышыванак.
«Нарадзілася ўжо некалькі пакаленняў, якія жывуць у самастойнай незалежнай дзяржаве. У іх ужо свае погляды на жыццё, сваё меркаванне наконт будучыні нашай дзяржавы. І нават тая сухая лічба пра тое, што больш за 70% падтрымліваюць існаванне самастойнай дзяржавы, хочуць жыць у самастойнай дзяржаве — гэта многае значыць. Гэта якасныя змены, і гэта павінна атрымаць сваё далейшае развіццё», — заявіў Макей, і гэта дэлегаты з’езду сустрэлі апладысментамі.
Сёння ад трох да чатырох беларусаў пражываюць за мяжой, адзначыў міністр. Гэта, па яго словах, «мяккая, але магутная і велізарная сіла, здольная адстойваць інтарэсы народа Беларусі і мацаваць незалежнасць дзяржавы».
«У нас ва ўсіх адна мэта — умацаванне і росквіт нашай зямлі, Рэспублікі Беларусь», — падкрэсліў ён.
«Мы ўсе розныя. У кожнага з нас свой погляд на жыццё, на развіццё краіны. І гэта я лічу нармальным. Я не збіраюся заклікаць вас спяваць нейкія панегірыкі ўладзе і ўсхваляць кагосьці ці штосьці. У гэтым вы можаце вызначыцца самі. Але кожны з нас на сваім месцы можа многае зрабіць дзеля ўмацавання і дасягнення нашай галоўнай мэты — не толькі ўмацавання, але і захавання незалежнасці нашай дзяржавы», — сказаў міністр.«Вяртаючыся да таго меркавання, як мы павінны жыць далей, як мы павінны развівацца далей, зноў жа, у кожнага сваё меркаванне. Але я тут згодзен з логікай Святланы Алексіевіч, якая неаднойчы сказала, што, напэўна, досыць Беларусі войнаў, досыць рэвалюцый. Мы павінны зрабіць усё, каб наша краіна развівалася эвалюцыйным шляхам. Логіка канфрантацыі павінна адысці ў мінулае. Мы павінны кіравацца логікай кааперацыі. Мы павінны ад менталітэту супрацьстаяння перайсці да менталітэту партнёрства», — падкрэсліў Макей.
«Канешне, гэта патрабуе пэўных намаганняў, і, напэўна, для кагосьці гэта цяжка зрабіць. Але іншага шляху няма», — сказаў ён.