Універсітэт імя Ніла Гілевіча распачне курсы для абітурыентаў
Беларускі ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча з верасня распачынае курсы падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэставання, перадае Радыё Свабода.
Пра гэта паведамілі заснавальнікі вну падчас прэзентацыі збору матэрыялаў Міжнароднай канферэнцыі «Нацыянальны ўнівэрсітэт у ХХІ стагоддзі: місія і выклікі».
«Наш універсітэт будзе таксама займацца выдавецкай дзейнасцю і іншымі кірункамі. Курсы будуць беларускамоўныя, замежныя мовы будуць выкладацца праз беларускую, — заявіў рэктар універсітэта Алег Трусаў. — Гэтаксама, як гэта плануецца і ў навучальным працэсе: беларускамоўнае навучанне з выкладаннем шэрагу дысцыплін на замежных мовах — так, як у большасці прэстыжных універсітэтаў, калі траціна дысцыплін на старэйшых курсах выкладаецца на замежных мовах. Уся неабходная навукова-выкладчыцкая база для гэтага ў нас ёсць».
Паводле Трусава, штат выкладчыкаў Беларускага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча будзе фармавацца пасля атрымання ліцэнзіі на выкладанне.
Універсітэт прайшоў дзяржаўную рэгістрацыю 15 сакавіка 2018 года. 12 чэрвеня ў Міністэрстве адукацыі Беларусі прайшлі перамовы аб наданні ліцэнзіі на выкладанне.
«Дзесьці мы маем дакладныя адказы на пытанні, дзесьці бачым бюракратычныя перашкоды, а дзесьці — прынцыповае нежаданне бачыць нас на гэтым адукацыйным полі. Але дзеля таго, каб універсітэт працаваў у Беларусі і дзеля Беларусі, супольнымі намаганнямі гэтая праца будзе зробленая», — заявіла старшыня Таварыства беларускай мовы дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.
Падчас прэзентацыі збору матэрыялаў Міжнароднай канферэнцыі заснавальнікі Беларускага ўніверсітэту імя Ніла Гілевіча таксама паведамілі, што днямі распачынае працу ўніверсітэцкі інтэрнэт-сайт nhu.by, праз які можна даведацца пра ўсе апошнія навіны з жыцця вну.
Навучанне ў Беларускім універсітэце імя Ніла Гілевіча мае быць платным. Плата будзе ніжэйшай, чым у дзяржаўных вну. Адміністрацыйны апарат будзе мінімальным. А дзеля запатрабаванасці сярод студэнтаў, як падкрэсліў эксперт Грамадскага Балонскага камітэта, прафесар-этнолаг Павел Церашковіч, універсітэт плануе рыхтаваць спецыялістаў, якіх не навучаюць у дзяржаўных вну і якіх бракуе ў Беларусі: у галіне міжнароднага краіназнаўства, гісторыка-культурнай спадчыны, сучаснай электроннай журналістыкі, літаратурнага пісьменства, урбаністыкі, ІT-тэхналогій і бізнес-мэнэджменту.