Унучка Шушкевіча: Улады не дазваляюць паставіць лаўку каля магілы дзеда, каб прыйсці і пасядзець
Што падкасіла Станіслава Шушкевіча і як нават пасля смерці ўлады не даюць ушанаваць яго належным чынам, яго блізкія расказалі ў фільме «Ток», піша «Н*ша Ніва».
Унучка Шушкевіча Стася Гліннік расказвае, што падкасіла
дзеда.
«Мне падаецца, ён бы пражыў нашмат больш, але так здарылася,
што некалькі год таму памёр яго стрыечны брат, а на пахаванні памерла яго
сястра. За тры дні ён страціў дзве блізкія асобы. І пасля гэтага яго стан пачаў
пагаршацца. Ён быў вельмі прывязаны для блізкіх людзей, быў вельмі эмпатычнай
асобай», — дзеліцца Стася.
Апошнім часам Шушкевіч часта трапляў у шпіталь.
«Сыходзіў ён дзесьці паўтара месяца. І я зразумела, што гэта
ўжо амаль канец, калі першы раз за ўсё жыццё дзед паскардзіўся на
самаадчуванне. Бо нават калі ён хварэў, заўсёды казаў, што ўсё нармальна.
Мы размаўлялі, гэта быў адзін з апошніх разоў, і ён сказаў,
як ніколі ў жыцці не гаварыў: «Памятай, што я для Беларусі зрабіў ўсё, што
мог». Я зразумела, што гэта было такое падсумаванне. Ён пасля гэтай размовы
зноў трапіў у шпіталь, пасля яшчэ выйшаў, быў дома і там правёў апошнія дні.
Мне было дзіўна глядзець здымкі з інтэрв'ю, дзе ён схуднеў,
для мяне дзед заўсёды быў дужым чалавекам. І мне падаецца, яму самому было
агідна, што ён слабы, гэта выклікала ў ім унутраную спрэчку. Бо ён усё жыццё
быў галоўным, справы сям'і вырашаў, справы краіны. І стан, калі ты не можаш сам
рабіць, для яго быў невыносны. Ён калі ўжо не ўставаў, прасіў прынесці моркву,
каб яе чысціць.
І ўжо стала зразумела, што гэта канец, калі ён запытаў, каб
ксёндз прыйшоў», — згадвае ўнучка.
Многіх акадэмікаў, вядомых дзеячаў мастацтва і чыноўнікаў
хавалі на Усходніх могілках. Шушкевічу месца там улады не прапанавалі. Першага
кіраўніка незалежнай Беларусі пахавалі на Паўночных могілках, побач з яго маці
і іншымі блізкімі. Але нават там не выдзелілі нармальнага месца.
«Месца пахавання — гэта адзінае месца каля агарожды. І зараз
яны не даюць выкупіць месца побач — мы думалі паставіць там лаўку, каб можна
было прыходзіць і сядзець, — заўважае Стася Гліннік. — Гэта зменіцца — памяць
пра дзеда назаўсёды, а пра Лукашэнку — не».