Упершыню ад Вольгі Маёравай прыйшоў ліст не сыну

Ліст з гродзенскай турмы ад грамадскай дзяячкі Вольгі Маёравай, якая праходзіць па справе аб «тэрарызме» разам з Мікалаем Аўтуховічам, атрымала Марыя Каржанеўская. Раней лісты ад Маёравай атрымліваў толькі сын.

Фота Марыі Каржанеўскай

Фота Марыі Каржанеўскай

У лісце, напісаным на добрай беларускай мове, Вольга Маёрава піша аб тым, наколькі каштоўная для яе падтрымка, якая прыходзіць з волі.
Зняволеная зазначае, што за тры месяцы свайго арышту яна сядзела ў розных вязніцах: у СІЗА КДБ і на «Валадарцы» ў Мінску, а цяпер — у Гродна з транзітам праз Баранавічы.
«Ужо можна пачынаць пісаць пуцевадзіцель па СІЗА Беларусі, здаецца», — жартуе Вольга Маёрава.
Яна распавядае, што пабачыла шмат розных людзей у розных камерах, і «абсалютная большасць з іх — добрыя і адэкватныя людзі». Назіранне за людзьмі  — адзін з самых цікавых заняткаў для Вольгі.
«На волі гэтага хапіла б не на адзін артыкул. І яшчэ вельмі цікава назіраць за людзьмі з аховы і за следчымі. Таксама багаты матэрыял для розных высноваў, аб якіх я, на жаль, пісаць па зразумелых прычынах не магу», — піша жанчына.
Паводле яе слоў, у яе ўсё «па-добраму і спакойна», праўда, зараз Вольгу перавялі ў камеру, дзе ўсе жанчыны кураць.
Напрыканцы Вольга Маёрава просіць Марыю Каржанеўскую перадаць ад яе прывітанні ўсім сябрам у Фэйсбуку, якога ёй вельмі не хапае.
«І ўвогуле, адсутнасць інфармацыі — вельмі вялікая згуба ў маім жыцці. І Ваш ліст — праменьчык для мяне», — напісала зняволеная.
Падтрымаць Вольгу Маёраву лістом ці паштоўкай можна па адрасе: 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, турма №1. Маёравай Вользе Уладзіміраўне.