Урад разлічвае на зоркі

У пачатку года лічбы, што ілюструюць інфляцыйныя працэсы ў Беларусі, амаль наблізіліся да еўрапейскіх. Белстат паведаміў: студзеньская інфляцыя склала 3%. Падвох тоіцца ў адрэзку часу.  



str_1_zorki_1.gif

Так, паводле падлікаў Еўрастата, гадавая інфляцыя ў краінах еўразоны склала 2%. Студзеньская інфляцыя апынулася мінімальнай з лістапада 2010 года. Упершыню за гэты перыяд паказчык адпавядае мэтаваму ўзроўню Еўрапейскага цэнтральнага банка.

Беларусь, як бачым, наблізілася ў некаторых лічбавых паказчыках да Еўрасаюза. Праўда, у нас падыход «пяцігодку ў тры гады», то бок гадавы прагноз за некалькі месяцаў. І добра б, каб гэта тычылася нейкіх паказчыкаў кшталту ВУП, вытворчасці ці аб’ёмаў продажу.

Між іншым, у студзені 2012-га цэны ў Беларусі выраслі менш, чым сёлета, — на 1,9%. Цягам першага месяца бягучага года харчовыя тавары падаражэлі на 3,1%. Найбольш узняўся цэннік на гародніну (14,3%), бульбу (8,6%), садавіну (7,7%), пшанічную муку (2,8%), макаронныя вырабы (2,6%). Кошт алкагольных напояў павялічыўся ў сярэднім на 5,9%, тытунёвых вырабаў — на 28,6%. Цэны на нехарчовыя тавары павысіліся на 1,1%. Лідары росту — бензін (5,2%), медыкаменты (2,6%), мэбля, веласіпеды і матацыклы (па 1,1%). Патаннелі, паводле Белстату, абутак (на 0,9%), дываны і дывановыя вырабы (на 0,1%). Тарыфы на платныя паслугі насельніцтву выраслі на 6,1%. У лідарах — кошт паслуг пасажырскага транспарту міжрэгіянальнага спалучэння (23%), рэгіянальнага спалучэння эканомкласа (16,7%), сувязі (22,2%), медыцыны (12,5%), канцэртных залаў (8,1%), санаторна-аздараўленчыя (7%). 

Цікава, што па выніках года ўрад разлічвае ўтрымаць рост цэнаў на ўзроўні 12%. Як заявіў 6 лютага намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Голухаў, «задача стаіць, натуральна, укладземся». У сваю чаргу, намеснік старшыні Нацбанка Сяргей Дубкоў адзначыў, што Нацбанк прыкладзе ўсе намаганні для зніжэння стаўкі рэфінансавання да 13–15%.

Але з такімі тэмпамі, як паказаў студзень, гадавы план будзе выкананы цягам некалькіх месяцаў. Хаця кіраўніцтва краіны і айчынная статыстыка ўмеюць паказваць цуды: летась краіна ўпісалася ў план па росту цэн (па выніках года атрымалася 21,8%), а сярэдні заробак па краіне прыгожа наблізіўся да запаветнага эквіваленту ў 500 у.а.

Між іншым, у 2012 годзе рост спажывецкіх коштаў у Беларусі пабіў рэкорд сярод усіх краін СНД — краіна па ўзроўні інфляцыі выйшла на першае месца. Гэтае лідарства Беларусь утрымлівае ўжо другі год запар.

Даследчыкі з Інстытута прыватызацыі і менеджменту (ІПМ) адзначаюць, што інфляцыя мінулага года ў асноўным стала вынікам павышэння коштаў на харчовыя тавары і платныя паслугі насельніцтву. Паводле прагнозаў эканамістаў з ІПМ, чакаецца паскарэнне тэмпаў інфляцыі ў першым паўгоддзі ў сярэднім на 20% штомесяц. Значнае павышэнне прагнозных значэнняў, па-першае, звязана з істотным паскарэннем інфляцыі ў студзені. Па-другое, у прагнозах улічваецца павышэнне тарыфаў на электраэнергію ў лютым і цэн на паслугі грамадскага транспарту ў першым квартале бягучага года.

На тле першых статыстычных звестак пачатку года цікава выглядаюць прагнозы чыноўнікаў наконт ударных тэмпаў росту эканомікі. Так, на 2013-ы год урад пастанавіў выйсці на 8,5% ВУП.

«8,5% — гэта наша мэта, гэта тое, да чаго мы павінны імкнуцца, каб ажыццявіць пэўны прарыў. Рэальнасць такая, што гэта можа здарыцца ў тым выпадку, калі ўсё станоўчыя моманты складуцца, усе зоркі сыдуцца. Гэта наша мэта, мы да яе ідзём», — цытуе намесніка міністра эканомікі Аляксандра Ярашэнку БелаПАН.

Сысціся зоркі для Беларусі мусяць у трох вымярэннях: урад чакае рост экспарту ў параўнанні з мінулым годам на 15,2%, прыстойных аб’ёмаў прамых замежных інвестыцый (хацелася б 4,5 мільярда долараў) і мадэрнізацыі.

У кантэксце апошняга кірунку была прынятая адмысловая пастанова, што прадугледжвае мадэрнізацыю 711 прадпрыемстваў, большасць з якіх знаходзяцца ў дзяржаўнай форме ўласнасці. Мадэрнізацыйныя намеры ўжо ва ўсю адгукнуліся на прадпрыемствах, дзе пабываў кіраўнік дзяржавы: гучнае звальненне дырэктара Мінскага камвольнага камбінату, дэкрэт №9 (згодна з якім на мадэрнізуемых прадпрыемствах дрэваапрацоўчай галіны ўводзіцца прымусовая праца) выклікаў рэзананс нават па-за межамі краіны.

Што тычыцца прыцягнення прамых замежных інвестыцый, то леташні план знайсці 3,7 мільярда долараў інвестыцый праваліўся і рэальна атрымалася прыцягнуць за дзесяць месяцаў толькі 1,2 мільярда долараў. Паколькі «смачных» буйных здзелак з прыватызацыяй беларускіх прадпрыемстваў не плануецца, а агульны клімат у краіне хутчэй палохае, чым прываблівае патэнцыйных інвестараў, выканаць прагноз будзе няпроста.

Затое паведамленні аб падаражанні тавараў, паслуг, тарыфаў з’яўляюцца ад пачатка года рэгулярна, і ўжо мала здзіўляюць. То, можа, так і трэба? Хоць у нечым прагнозы кіраўніцтва дзяржавы мусяць жа выконвацца з апярэджаннем?