Усім багатыя! Усё можам самі! Грошы не трэба!
Мы набралі столькі грошай у Кітая, што нават не ведаем, куды іх укласці! Таму, верагодна, і пытанне крэдыту ад Пуціна было праігнараванае — і яму зараз складана, і нам грошы не патрэбныя.
Цікава, што на мінскім саміце Аляксандр Рыгоравіч не скарыстаўся момантам, каб пагутарыць сам-насам з Уладзімірам Уладзіміравічам. Магчыма, беларускі правадыр разумеў, што ў Пуціна і без яго галава баліць. А шкада, можна было б паразмаўляць пра «абяцанкі-цацанкі».
Пуцін зрабіў закідон у бок Беларусі — маўляў, ёсць факты рээкспарту забароненай у Расіі прадукцыі з Беларусі. «У нас нават у рамках Мытнага саюза ўжо ідзе забаронены сёння да ўвозу на тэрыторыі Федэрацыі з краін ЕС рээкспарт, у гэтым выпадку праз Беларусь», — заявіў ён. І падкрэсліў, што экспарцёры часта проста зрываюць з тавару налепку, дзе ўказана краіна паходжання тавару, і наклейваюць новую. «Вось, падпісана: краіна паходжання — Беларусь. Налепку сарвалі — Польшча», — сказаў Пуцін.
Аляксандр Рыгоравіч сціпла прамаўчаў. Падаецца, што выказацца больш грунтоўна яму не дазволіў фармат. Калі ты «прымаючы бок», то павінен быць стрыманым і не ладзіць скандалы. А тое і мы б маглі Расіі закінуць нешта кшталту: «Калі мы дамовіліся пра ЕАЭС, нам быў абяцаны крэдыт у два мільярды долараў. Ужо верасень, а дзе грошы? Таму мы і «адбіваем» ваш крэдыт такім чынам».
Сапраўды, абяцаныя грошы да нас не дайшлі. Але кіраўнік «сінявокай» нічога не сказаў з гэтай нагоды. Магчыма, таму, што, аказваецца, мы і самі багатыя, бо з папярэдніх крэдытаў яшчэ не ўсё патрацілі.
У панядзелак пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі прайшла нарада па пытанні выкарыстання кітайскіх крэдытных рэсурсаў. Аляксандр Рыгоравіч нагадаў, што ў свой час Кітайская Народная Рэспубліка выдзеліла Беларусі крэдытныя рэсурсы ў памеры $15–18 мільярдаў пад розныя працэнтныя стаўкі. Звяртаючыся да прысутных на нарадзе, ён адзначыў, што хацеў бы пачуць, як асвойваюцца гэтыя сродкі, у якім памеры яны ўжо атрыманыя і якія праекты рэалізуюцца.
«У нас ёсць добрыя рэшты крэдытных рэсурсаў, якія не выкарыстаны, пад 2–3% гадавых. Хацелася б ведаць, куды першапачаткова мы гатовыя накіраваць гэтыя крэдытныя рэсурсы, — сказаў ён. — Натуральна, што накіроўваць трэба выключна ў акупальныя праекты, і чым раней яны акупяцца, тым лепш».
Вось, аказваецца, у чым справа! Мы набралі столькі грошай у Кітая, што нават не ведаем, куды іх укласці! Таму, верагодна, і пытанне крэдыту ад Пуціна было праігнараванае — і яму зараз складана, і нам грошы не патрэбныя.
Але што прагучала — гэта пэўная заклапочанасць кіраўніка дзяржавы тым, што гэтыя грошы давядзецца вяртаць. Падаецца, упершыню мы пачулі такую заклапочанасць ад Аляксандра Рыгоравіча. Відаць, падыходзіць тэрмін расплаты па пазыках.
Частка крэдытаў была выкарыстаная на мадэрнізацыю аб'ектаў у энергетычнай і транспартнай сферах. Лукашэнка пацікавіўся, як працуюць мадэрнізаваныя прадпрыемствы. «Самае страшнае, калі мы мадэрнізуем вытворчасць, а затым, атрымаўшы прадукцыю, мы не будзем ведаць, куды яе падзець. Тады паўстане пытанне: а навошта мы бралі крэдыты, навошта выраблялі гэтую прадукцыю, і хто будзе вяртаць гэтыя крэдыты, калі прадукцыя не будзе знаходзіць збыту? Гэта, падобна, злачынства. І першы злачынец будзе міністр», — адразу знайшоў наш правадыр вінаватага.
Але, пэўна, кітайцам будзе фіялетава, злачынца міністр альбо не. Бо грошы вяртаць усё роўна давядзецца.
Вядома, знойдзем мы гэтыя рэсурсы. І без «рээкспарту харчоў» знойдзем. Бо ў нас раптам з’явілася проста казачная ніша экспарту ў Расію. Як паведамляе агенцтва «Інтэрфакс-Захад», Беларусь будзе завальваць Расію хваёвымі шышкамі.
Навошта Расіі нашы шышкі, калі ў яе ёсць Сібір? Але, напэўна, няма Сібіры — усё пасеклі. А таму беларускія лясгасы плануюць у бягучым годзе істотна нарасціць экспарт насення хвоі ў Расію. «Калі ў 2013 годзе ў Расію было рэалізавана 240 кілаграмаў насення хвоі, то ў першым паўгоддзі бягучага года — ужо 196 кілаграмаў», — праінфармавалі ў прэс-службе міністэрства лясной гаспадаркі. «У рэспубліцы створана пастаянная база лесанасення, якая ўключае 1,4 тысячы гектараў элітных насаджэнняў, 3,5 тысячы найлепшых дрэваў, якія адбіраюцца для мэтаў насенняводства і далейшай селекцыі, 1,8 тысячы гектараў лесанасенных плантацый. Гэта дае магчымасць не толькі забяспечыць Беларусь пасяўным матэрыялам, неабходным для якаснага ўзнаўлення лясоў у аб’ёме трохгадовай патрэбы, але і часткова рэалізаваць насенне на экспарт», — падкрэслілі ў Мінлясгасе.
Раней міністр лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч заявіў, што Беларусь гатова аказаць Расіі істотную дапамогу ў стварэнні лясоў і правядзенні лесаўзнаўляльных працэсаў.
Усяго за першае паўгоддзе 2014 года прадпрыемствамі Мінлясгаса было экспартавана лесапрадукцыі і паслуг на $90 мільёнаў, экспарт у параўнанні з першым паўгоддзем мінулага года вырас на 38,6%. Станоўчае сальда склала $86,9 мільёна.
Як тут не ўзгадаць выслоўе старога партызана: «Беларусы! Беражыце лес — ён вам яшчэ спатрэбіцца!». І спатрэбіўся — як аказалася, не толькі ў змрочныя часы.
І не лесам адзіным жыве краіна. Мы здольныя выжыць у любой сітуацыі, нават калі Расія ў адказ на нашыя «рээкспарты» спыніць нам пастаўку нафты. Пад Брэстам на тыдні прайшоў чэмпіянат па касьбе.
Чэмпіянат прайшоў на самым высокім узроўні. Вытрымкі і перамогі ўдзельнікам жадалі міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Цалко, старшыня Бярозаўскага райвыканкама Юрый Наркевіч, дырэктар заказніка «Спораўскі» Вадзім Пратасевіч. Праўда, Еўропу прадстаўляла толькі адна польская каманда. Усяго ж на старт выйшла 25 каманд. Ім трэба было выкасіць па сто метраў, прычым суддзі ўлічвалі шырыню пракоса, яго чысціню і вышыню грывы: за кожныя 10 см дадавалі касцу па штрафной хвіліне.
Усе прызавыя месцы занялі беларусы, не пакінуўшы палякам аніводнага шанцу. Такім чынам, у нас ёсць на каго спадзявацца, нават калі ў калгасах скончыцца паліва.
Галоўнае — разлічваць на ўласныя сілы. Тады нам не будзе патрэбная аніякая Расія. Мы здольныя ўсё зрабіць самі, і яшчэ суседзям дапамагчы.