velcom адкрывае кінатэатр з Вокам
У Мінску ў гандлёвым цэнтры Dana Mall, што побач з Нацыянальнай бібліятэкай, кампанія velcom адкрывае новы кінатэатр.
![silverscreen_20170803_bur_tutby_phsl_9771.jpg silverscreen_20170803_bur_tutby_phsl_9771.jpg](/img/v1/images/silverscreen_20170803_bur_tutby_phsl_9771.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У кінатэатры сем заляў, ён разлічаны амаль на 1000 месцаў і выкарыстоўвае сучасныя тэхналогіі. Гутарка ідзе пра выгнуты срэбны экран — Silver Screen і пра акустычную сістэму, што агортвае гледача гукамі з усіх чатырох бакоў.
На Захадзе такія тэхналогіі пашыраныя, а кінатэатры маюцца ў шматлікіх гандлёвых комплексах. Яны карыстаюцца вялікаю папулярнасцю. Як расказала Юлія Дайнека, якая кіруе маркетынгам кампаніі, velcom пачаў прыглядацца да кінапракату тры гады таму. Саюз атрымаўся плённым: у Мінску ўжо з’явіўся кінатэатр са срэбным экранам у гандлёвым цэнтры «Galileo».
![silverscreen_20170803_bur_tutby_phsl_9783.jpg silverscreen_20170803_bur_tutby_phsl_9783.jpg](/img/v1/images/silverscreen_20170803_bur_tutby_phsl_9783.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У новым кінатэатры акрамя звыклых і VIP-заляў (на малую колькасць людзей) адкрытая адмысловая заля «Вока». У крэслах можна адкідвацца, а першы шэраг фактычна пераўтвораны ў набор ложкаў. Але самае галоўнае, дзякуючы здвоеным праектарам, экран стварае ілюзію аб’ёму — і глядач проста правальваецца ў кіно. Фантастыка, прыгоды і фільмы жахаў — самыя ўдзячныя стужкі для такога досведу. Кінатэатр ужо абяцае адрэстаўраваную і аб’ёмную версію «Тэрмінатара-2» дый дакументальныя кінавандроўкі. Акрамя таго, асобныя прэм’еры плануюцца на мове арыгіналу.
![silverscreen_20170803_bur_tutby_phsl_9737.jpg silverscreen_20170803_bur_tutby_phsl_9737.jpg](/img/v1/images/silverscreen_20170803_bur_tutby_phsl_9737.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Хаця ў афармленні комплекса пакуль ужываюцца руская і ангельская мовы, у кінатэатры будуць радыя і дубліяваным беларускамоўным стужкам — удакладніла Юлія Дайнека.
У кінакомплексе ёсць wi-fi, напоі, папкорн, чыпсы і слодычы, якія можна выбраць самому. Кошты квіткоў залежаць ад залі, месца і часу: яны вар’іруюцца ад 7 да 22 рублёй (на ложках першага шэрагу).
![silverscreen_20170803_bur_tutby_phsl_9746.jpg silverscreen_20170803_bur_tutby_phsl_9746.jpg](/img/v1/images/silverscreen_20170803_bur_tutby_phsl_9746.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Варта сказаць, што гандлёвы цэнтр «Dana Mall», які нават на фоне бібліятэкі выглядае кіношным Квазімодаю, цяпер хавае на трэцім паверсе кінаперліну. Новы тэатр з Вокам — гэта падарунак для вачэй і вуха кінагурмана. Мультыплексаў падобнага тэхнічнага ўзроўню ў краіне яшчэ не было.
Адкрыццё кінатэатру плануецца 11 жніўня.